Беларусь пакуль не страціла суверэнітэт у межах Саюзнай дзяржавы — даклад
Але ўдзел у гэтым праекце ўзмацняе залежнасць Беларусі ад Расіі / LookByMedia
Удзел Беларусі ў праекце Саюзнай дзяржавы з Расіяй павялічвае залежнасць Мінска ад Масквы. Гэты працэс паскорыўся за апошнія два гады. Да такой высновы прыходзіць палітолагіня Роза Турарбекава ў аналітычным дакладзе, прысвечаным ацэнцы першага і другога этапаў інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы.
Аналізуючы рэалізацыю 28 "дарожных карт", зафіксаваных у 2021–2023 гадах, экспертка ўказвае на ключавыя змены, якія адбыліся ў стратэгічна важных сферах кіравання — такіх, як макраэканамічнае планаванне, фінансавая і банкаўская сістэмы, падатковая і мытная палітыка, прамысловасць, энергетыка і транспарт.
Адзначаецца, што асноўным выгоданабытчыкам гэтых "дарожных карт" з’яўляецца Расія, а не Беларусь. Мінск атрымаў толькі абмежаваны доступ да расійскіх рынкаў.
Турарбекава падкрэслівае, што самым небяспечным наступствам першага этапу рэалізацыі "дарожных карт" стала страта часткі суверэнітэту Беларусі ў падатковай сферы. Стварэнне інтэграванай сістэмы кіравання ўскоснымі падаткамі фактычна пазбавіла Мінск права самастойна вызначаць стаўкі ПДВ і акцызаў.
Уцягванне Беларусі ў вайну і ВПК Расіі
Экспертка звяртае ўвагу на рэзкае ўзмацненне ваенна-палітычнай залежнасці Беларусі ад Расіі. Лукашэнка зрабіў нашу краіну саўдзельніцай агрэсіі супраць Украіны. Тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца Расіяй для дасягнення яе агрэсіўных мэтаў.
Пры гэтым непасрэднага ўдзелу беларускай арміі ў вайне не адбылося, што, на думку Турарбекавай, сведчыць пра спробы Лукашэнкі супраціўляцца Пуціну.
Сучасны этап эканамічнай інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы мае выразна мілітарызаваны характар. Праграмы ў галіне мікраэлектронікі, авіябудавання, ядзерных даследаванняў і станкабудавання арыентаваныя найперш на імпартазамяшчэнне і патрэбы ваенна-прамысловага комплексу Расіі. Пры гэтым сацыяльна-працоўныя праблемы беларускага грамадства ў межах Саюзнай дзяржавы не вырашаюцца.
Роза Турарбекава звяртае ўвагу на найбольш рызыкоўны для беларускай незалежнасці, ідэнтычнасці і суверэнітэту этап інтэграцыі, разлічаны на 2024–2026 гады. Гаворка ідзе пра інфармацыйны, культурна-гуманітарны, навукова-тэхнічны, моладзевы і прававы кірункі.
Фармуюцца сумесныя прапагандысцкія наратывы, агульная інфармацыйная прастора, збліжаюцца гістарычныя палітыкі і ствараюцца наднацыянальныя прававыя механізмы, уключаючы ўзаемнае прызнанне судовых рашэнняў і аб’яднаныя спісы "экстрэмістаў".
Гэта канец?
Нягледзячы на паскарэнне інтэграцыйных працэсаў, Роза Турарбекава адзначае, што страта суверэнітэту Беларусі пакуль не выглядае канчатковай. Лукашэнка не пагадзіўся на перадачу кантролю над прамымі падаткамі, улады змякчылі асобныя палажэнні дамовы аб гарантыях бяспекі. Назіраюцца нават прыкметы сабатажу ў прасоўванні ідэалогіі "рускага свету", у тым ліку ў сферы адукацыі.