Белыя Халаты: у віцебскай бальніцы хуткай дапамогі затапіла аперацыйны блок
Віцебская бальніца хуткай дапамогі / БелТА
У Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі затапіла аперацыйны блок, частку каштоўнага абсталявання аднавіць немагчыма, піша суполка "Белыя Халаты".
Аб'яднанне незалежных медыкаў са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што ў бальніцы прарвала трубу, у выніку чаго заліты вадой увесь аперацыйны блок. Таксама пацярпеў прыёмны пакой і некаторыя палаты.
Аварыю не ўдавалася ліквідаваць цягам некалькіх гадзін. Шкоду ад яе ацэньваюць як "вельмі вялікую" — дарагое абсталяванне, у тым ліку лапараскапічныя стойкі і ШВЛ, рэнтген-абсталяванне, а таксама частка запасаў пратэзаў знішчаныя.
У панядзелак з інспекцыяй у бальніцы чакаюць дэпутатку Ірыну Абельскую.