За апошнія 10 дзён Літва не выявіла ніводнага метэазонда з Беларусі

Кантрабандны метэазонд

Кантрабандны метэазонд / Служба охраны госграницы Литвы (VSAT)

За апошнія 10 дзён літоўскія памежнікі не выявілі ніводнай спробы пераправіць кантрабандныя цыгарэты з Беларусі з дапамогай метэазондаў.

"Апошнім разам у Літве перахоплівалі метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі, адпраўленымі з Беларусі, 20 снежня — у той дзень іх было тры“, — перадае DELFI словы дарадцы Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедруса Мішуціса.

Ён адзначыў, што гэтаму паспрыяла халоднае і ветранае надвор'е апошніх дзён. Аэрастаты нікім не кіруюцца, таму залежаць толькі ад ветру. "Калі вецер неспрыяльны, шары не змогуць даляцець да Літвы. Кірунак і сіла ветру могуць быць рознымі на розных вышынях, таму кантрабандысты спрабуюць прадказаць, што падняты імі ў Беларусі шар даляціць да іншай краіны", — тлумачыць Мішуціс.

Агулам у 2025 годзе літоўскія памежнікі канфіскавалі больш за 1,4 млн пачкаў нелегальных цыгарэт, дастаўленых з Беларусі з дапамогай метэазондаў і дронаў. Было перахоплена 635 метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі. За 2024-ы іх было 226, а ў 2023-м — тры. Таксама памежнікі пасадзілі 59 дронаў з цыгарэтамі, якія ляцелі з Беларусі, — у 2024-м іх было 54.

У сярэдзіне снежня паліцыя і пракуратура правялі аперацыю супраць кантрабандыстаў, падчас якой затрымалі ў розных месцах Літвы 21 чалавека. Мяркуецца, што гэтая арганізацыя была адной з галоўных, якія займаліся перавозкай цыгарэт па паветры. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.