Чэмпіянат Еўропы пад пагрозай — Эстонія не хоча прымаць фехтавальнікаў з РБ і РФ

Фехтавальнікі, ілюстрацыйнае фота

Фехтавальнікі, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

Пад пагрозай аказаўся чэмпіянат Еўропы па фехтаванні сярод дарослых, які павінен адбыцца ў Таліне ў 2026 годзе.

Міжнародная федэрацыя фехтавання патрабуе, каб улады краіны пісьмова пацвердзілі, што дазволяць усім спартоўцам прыняць удзел у турніры і перасекчы мяжу незалежна ад грамадзянства і вайсковага звання. А эстонскія ўлады адмаўляюцца падпісваць такі дакумент, заўважыла "Трыбуна".

Эстонскі ўрад займае адназначную пазіцыю: візы спартоўцам з Расіі і Беларусі выдавацца не будуць. А без выканання патрабавання турнір можа быць перанесены ў іншую краіну.

Талін быў абраны для чэмпіянату Еўропы мінулай восенню на Кангрэсе Еўрапейскай канфедэрацыі фехтавання ў Будапешце (Венгрыя).

Сёлета ў траўні Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) дазволіла спартоўцам з Беларусі і Расіі ўдзельнічаць і у камандных спаборніцтвах пад сваёй эгідай. Беларусы і расіяне могуць спаборнічаць у нейтральным статусе, а каманды могуць выступаць пад сцягам федэрацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.