На запраўках сталі радзей прапаноўваць каву
На аўтазапраўцы, ілюстрацыйнае фота
Аператары на запраўках сталі радзей прапаноўваць спадарожныя тавары, каб не ствараць чэргі. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ расказаў намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Уладзімір Сізоў.
Раней Аляксандр Лукашэнка абурыўся чэргамі на запраўках. Нібыта, некаторыя аўтааматары доўга п'юць каву, пакінуўшы машыны пасярод запраўкі, праз што ўтвараюцца чэргі. Пасля гэтай заявы ДАІ правяла спецыяльныя рэйды па запраўках, якія не выявілі вялікіх праблем з такімі парушэннямі.
Тым не менш, змены на запраўках адбыліся. Як патлумачыў Сізоў, раней аператары былі абавязаныя прапаноўваць кліентам дадатковыя тавары — напрыклад, каву ці хот-догі. Пасля заявы Лукашэнкі іх інструкцыі змяніліся.
"Калі аператар на аўтазаправачнай станцыі бачыць, што ёсць перадумовы да стварэння чаргі, то ён не прамаўляе лішніх фраз для таго, каб зацікавіць кліента, а прымае ўсе меры для таго, каб паскорыць абслугоўванне", — заявіў Сізоў.