Сотні польскіх аўтамабіляў не могуць выехаць з Беларусі
Фуры, ілюстрацыйнае фота
У Беларусі затрымаўся і не можа выехаць польскі транспарт. Гаворка ідзе пра сотні аўтамабіляў, сцвярджаюць у Польскай асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў (ZMPD).
Аўтаперавозчыкі просяць польскі ўрад дапамагчы вярнуць транспарт. Рэч у тым, што цягачы з польскімі нумарамі везлі прычэпы на літоўскіх нумарах. Цяпер яны не могуць выехаць з Беларусі ні праз літоўскую, ні праз польскую мяжу.
Праблема ўзнікла пасля таго, як Літва ў лістападзе закрыла мяжу з Беларуссю ў адказ на масавыя запускі метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Тады рэжым Лукашэнкі дазволіў грузавікам і прычэпам з літоўскай рэгістрацыяй уязджаць і выязджаць з Беларусі толькі праз пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы. На час закрыцця мяжы аўтамабілі адправілі на спецыяльныя мытныя стаянкі, адкуль яны не могуць выехаць дагэтуль.
Многія саставы аказаліся "інтэрнацыянальнымі", піша MOST: цягач на польскіх нумарах вёз прычэп, зарэгістраваны ў Літве. Цяпер такі аўтацягнік не можа выехаць з Беларусі ні праз літоўскі, ні праз польскі ўчастак мяжы. Іх уладальнікі вымушаныя аплочваць стаянку — 120 еўра за дзень за кожны аўтацягнік. За 40 дзён выдаткі дасягаюць амаль 5 тысяч еўра і павялічваюцца з кожным днём.
"У некаторых польскіх прадпрымальнікаў заблакавана больш за дзесяць, а то і некалькі дзясяткаў аўтацягнікоў, што прыводзіць да велізарных фінансавых страт і паралізуе дзейнасць кампаній. < ... > Па нашых даных, сітуацыя можа закранаць у агульнай складанасці сотні такіх аўтацягнікоў", — кажа старшыня ZMPD Ян Бучак.