Літва гатовая размаўляць з РБ на тэхнічным узроўні — дарадца Наўседы
Дэйвідас Матулёніс / ELTA
Літва ацэніць беларускую маёмасць на сваёй тэрыторыі і разгледзіць, якія рашэнні наконт яе прыняць. Пра гэта заявіў галоўны саветнік літоўскага прэзідэнта Дэйвідас Матулёніс, гаворачы пра сітуацыю з грузавікамі, якія не могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі.
"Мы разгледзім і паглядзім, якая ўласнасць знаходзіцца ў Беларусі ў Літве. Спачатку мы павінны яе ацаніць, а затым паглядзім, спатрэбяцца якія-небудзь рашэнні ці не", — перадае яго словы выданне DElFI.
10 снежня каля Сейма Літвы прайшла акцыя пратэсту, арганізаваная Нацыянальнай асацыяцыяй аўтаперавозчыкаў Linava. Пратэстоўцы патрабавалі ад урада прыняць меры і тэрмінова вярнуць грузавікі з тэрыторыі Беларусі. Паводле звестак літоўскай мытні, на беларускай мяжы затрымаліся 185 цягачоў і паўпрычэпаў з літоўскімі нумарамі. Тым часам Linava кажа пра 4000 транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Літве.
Паводле Матулёніса, Літва не плануе весці перамовы з афіцыйным Мінскам на палітычным узроўні. "У нас ёсць адна канкрэтная праблема, і мы спадзяемся хоць бы на супрацоўніцтва Беларусі ў яе развязанні. Мы не прадбачым ніякіх палітычных перамоваў у найбліжэйшай будучыні, мы гатовыя сустрэцца і даць інфармацыю на тэхнічным узроўні", — падкрэсліў ён.
У лістападзе Літва закрывала на тры тыдні мяжу пасля таго, як з тэрыторыі Беларусі масава ляцелі метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі. Гэтыя прылёты прымушалі перыядычна прыпыняць працу літоўскіх аэрапортаў. Пасля адкрыцця мяжы афіцыйны Мінск, аднак, па-ранейшаму не выпускае літоўскія фуры.