“Ладдзю роспачы” па Караткевічу пакажуць у РТБД

Афіша

Афіша / РТБД

27, 28 і 30 снежня ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбудзецца прэм’ера легенды ў дзвюх дзеях “Ладдзя роспачы” ў пастаноўцы Святланы Навуменка. Спектакль прысвечаны 95-годдзю са дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, паведамляе сайт тэатра.

— РТБД запрашае гледачоў на вытанчаную і глыбокую сустрэчу з класікай. Майстэрскі погляд рэжысёра звяртаецца да аднаго з самых загадкавых і філасофскіх твораў аўтара, каб разам з пастановачнай камандай разабрацца ў таямніцах чалавечага лёсу, — пішуць у тэатры.

Там абяцаюць, што рэжысёр Святлана Навуменка не проста распавядзе гісторыю, а створыць на сцэне “асяроддзе для дыялогу”. Сцэна ж РТБД ператворыцца ў “метафарычную прастору глыбінных сэнсаў, дзе пластычныя, візуальныя і музычныя рашэнні дапамогуць кожнаму гледачу судакрануцца з моцнай гісторыяй пра лёс чалавека, унутраную барацьбу і сілу духу, а значыць, з самім сабой”.

Асновай і  натхненнем спектакля сталі словы самога Караткевіча:

“Ладдзя роспачы”, па-мойму, найбольш удалая спроба даць абагульнены характар беларусу, якому і чорт не брат, якога і смерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не саступіць у барацьбе за іх.

Падрабязней пра спектакль “Ладдзя роспачы” і бліжэйшыя паказы можна знайсці на старонцы спектакля.

“Ладдзю роспачы” па Караткевічу пакажуць у РТБД
"Ладдзя роспачы"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.