Звольнены дырэктар Музычнага тэатра узначаліў мінскую філармонію

Руслан Чарнецкі прадстаўляе сяргея Пукіту калектыву філармоніі

Руслан Чарнецкі прадстаўляе сяргея Пукіту калектыву філармоніі / Міністэрства культуры

Новым гендырэктарам мінскай дзяржфілармоніі стаў Сяргей Пукіта. 11 красавіка яго прадставіў калектыву міністр культуры Руслан Чарнецкі, паведамляе прэс-служба міністэрства.

Як паведамлялася раней, Пукіта адпрацаваў пяць гадоў на пасадзе дырэктара Музычнага тэатра. Аднак у сакавіку 2024 года яго звольнілі з гэтай пасады, калі падчас канцэрту сімфанічнага аркестра з Варонежа ў Музычным тэатры прагучала кампазіцыя "Перемен!" рок-гурта "Кіно". Яна была адным з гімнаў беларускіх пратэстаў у 2020 годзе, і ўлады нервова рэагуюць на гэтую песню ў публічнай прасторы.

Тады ў СМІ паведамлялі, што Пукіта ўзяў адказнасць на сябе, "хоць гэта была і не зусім яго зона адказнасці". Гаварылі, што супрацоўнікі тэатра хацелі збіраць подпісы ў яго абарону, але дырэктар адмовіўся, бо загадзя ведаў вынік.

Як адзначаецца ў паведамленні Мінкультуры, апошні год Пукіта працаваў намеснікам дырэктара Моладзевага тэатра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.