Беларускі драматург намінаваны на прэстыжную польскую ўзнагароду

Мікіта Ільінчык

Мікіта Ільінчык / Polityka

На польскую ўзнагароду Paszporty Polityki ў катэгорыі "Сцэна" сёлета намінаваны беларускі драматург і рэжысёр Мікіта Ільінчык. Уручэнне ўзнагароды адбудзецца 11 студзеня 2026 года.

Мікіта нарадзіўся ў 1995 годзе ў Навагрудку. Ён мае польскія карані і называе сябе "гібрыдным палякам", піша Polityka. У 2020 годзе хлопец скончыў рэжысёрскі факультэт ГІТІСа (Расійскі інстытут тэатральнага мастацтва), там жа вучыўся на тэатразнаўчым. Яшчэ падчас навучання паставіў спектаклі "Дочкі Ліра", "Смерць Пазухіна" ў Расіі, "Казіны востраў" у Бруселі, "М" паводле паэзіі Вальжыны Морт у мінскім цэнтры ОК16. У 2021 годзе ў маскоўскім Тэатры на Броннай паставіў першую ў Расіі тэатральную версію рамана Джонатана Літэла "Дабрадзейкі".

Пасля пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны Ільінчык пераехаў у Польшчу. У Быдгашчы ён паставіў спектакль "F***ing in Brussels", а таксама працаваў над стварэннем лібрэта для оперы "María de Buenos Aires" для опернага тэатра ў Варшаве. У Познані ён паставіў спектакль "Пігмаліён" — варыяцыю славутай п'есы Бернарда Шоу.

Апошні спектакль з яго драматургіяй "Un-packing" (драматычны тэатр у Варшаве і Вроцлаўскі Сучасны тэатр) заснаваны ў тым ліку на рэпартажнай кнізе "Камяні мусілі паляцець: мінулае Падляшша" Анэты Прымакі-Онішк. Гэтая кніга — рэпартаж пра беларускую меншасць на Сакольшчыне ў часы санацыйнай Польшчы, ваенны перыяд і пасляваенны час, калі праваслаўных беларусаў выганялі ў "савецкі рай".

Paszporty Polityki — польская ўзнагарода ў сферы культуры. Штотыднёвы часопіс Polityka уручае яе з 1993 года. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.