Рыхтуйцеся да капрызаў надвор’я і паводак. Якая будзе вясна ў Беларусі?

Вясна ідзе, вясне — дарогу

Вясна ідзе, вясне — дарогу / Еўрарадыё

“Да вясны варта рыхтавацца — нас чакаюць і паводкі, і шквалы, і рэзкія скачкі тэмпературы”, — кажа кліматолаг Уладзіслаў Шумак, адказваючы на пытанне Еўрарадыё, якой будзе вясна ў Беларусі ў 2026 годзе.


Якая будзе вясна

— У лютым немагчыма дакладна сказаць, якім будзе надвор’е нават у канцы сакавіка, бо яно мяняецца вельмі рэзка. Гэта звязана з уплывам атлантычных цыклонаў, Азорскага максімуму і паводзінамі палярнага віхру, які зараз разбураецца.

Сцэнарыі вясны сёння адрозніваюцца ад тых, што працавалі 10–20 гадоў таму. Вясна ўжо пачынае праяўляцца на паўднёвым захадзе Беларусі: усталёўваюцца станоўчыя тэмпературы, і калі выпадаюць ападкі, то часцей у выглядзе дажджу, а не снегу. Дзённая тэмпература можа паднімацца да 8 градусаў.

Па прагнозах, калі Азорскі максімум — вобласць высокага ціску — будзе распаўсюджвацца на нашу тэрыторыю, колькасць ападкаў можа аказацца трохі ніжэйшай за норму.

Аднак рэзкае павышэнне тэмпературы прывядзе да гідралагічных змен. Назапашаны вялікі аб’ём снегу справакуе павышэнне ўзроўню вады ў рэках — як у малых, так і ў вялікіх.

Таму магчымыя сакавіцкія падтапленні дамоў, размешчаных у поймах і на нізкіх тэрыторыях. Да гэтага варта быць гатовымі.

Готовьтесь к капризам погоды и паводкам. Какой будет весна в Беларуси?
Зіма / pixabay.com

Рэкі і паводкі

За апошнія гады ўзровень вады ў многіх буйных рэках Беларусі і Усходняй Еўропы стаў заўважна ніжэйшым. Гэта звязана з тым, што водны аб’ём буйных рэк фарміруецца за кошт усяго вадазбору.

Зніжэнне ўзроўню звязана са змяншэннем колькасці вады ў вярхоўях, у гарах і ў малых рэках. Акрамя таго, вада актыўна выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы і іншых галінах эканомікі, што таксама ўплывае на ўзровень вады ў буйных рэках.

Аднак гэтай вясной рэкі, хутчэй за ўсё, будуць поўнымі вады. Чакаюцца паводкі.

Рэзкае павышэнне тэмпературы прывядзе да хуткага раставання снегу, што створыць дадатковыя праблемы. Раней балоты ў натуральным стане працавалі як губка — яны ўбіралі ваду.

Зараз многія асушаныя тэрыторыі не здольныя ўтрымліваць вільгаць, таму вада хутка сцякае ў малыя рэкі, затым у буйныя, што паскарае пад’ём узроўню вады.

У цэлым для прыроды наяўнасць снежнай зімы — гэта нядрэнна. Але гэта ўмоўная норма аднаго года, якая не азначае, што наступныя гады будуць такімі ж. Больш за тое, прагназуецца, што бліжэйшыя пяць гадоў могуць быць даволі сухімі ва ўсе сезоны.

Не забываем пра адказнасць

На жаль, сённяшнія змены надвор’я не звязаны з тым, што людзі сталі экалагічна больш адказнымі — сартуюць смецце і гэтак далей. Пакуль што гэта яшчэ вынік таго, што мы рабілі 15–20 гадоў таму. Сучасныя кліматычныя змены — вынік мінулых рашэнняў і дзеянняў.

Наша задача сёння (у тым ліку праз інфармацыйна-адукацыйныя праекты) — тлумачыць, што мы ўжо вымушаны прыстасоўвацца да гэтых змен клімату. Мы не можам спыніць ці адмяніць гэтыя працэсы. Мы можам толькі адаптавацца да іх і па магчымасці змяншаць іх наступствы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.