Белыя мядзведзі могуць выжыць ва ўмовах пацяплення

Белы мядзьведзь на ільдзіне

Белы мядзьведзь на ільдзіне / The Associated Press

Арктыка награваецца ў два–чатыры разы хутчэй за сярэдні сусветны паказчык, што прыводзіць да скарачэння марскога лёду — ключавога асяроддзя пражывання белых мядзведзяў. Страта ледзяных платформаў ускладняе паляванне на цюленяў, выклікае дэфіцыт ежы і ізаляцыю папуляцый. Паводле прагнозаў навукоўцаў, больш за дзве траціны белых мядзведзяў могуць знікнуць ужо да 2050 года, а да канца стагоддзя від рызыкуе цалкам знікнуць, піша Euronews.

Аднак даследаванне навукоўцаў Універсітэта Усходняй Англіі паказала, што ДНК белых мядзведзяў можа адыгрываць важную ролю ў адаптацыі да пацяплення. Аналіз крыві 17 асобін з розных рэгіёнаў Грэнландыі выявіў рэзкі рост актыўнасці так званых "прыгаючых генаў" у мядзведзяў, якія жывуць у больш цёплых раёнах. Гэтыя змены звязаныя з метабалізмам, устойлівасцю да цеплавога стрэсу і перапрацоўкай тлушчаў, што можа дапамагаць жывёлам выжываць пры недахопе звыклай ежы.

Аўтары даследавання падкрэсліваюць, што выяўленыя генетычныя змены не азначаюць зніжэння рызыкі вымірання. Паводле слоў кіраўніцы працы доктара Эліс Годэн, вынікі даюць "генетычны план" магчымай адаптацыі, але не замяняюць тэрміновых мер па скарачэнні выкідаў парніковых газаў. Навукоўцы настойваюць на неабходнасці далейшага вывучэння геномаў іншых папуляцый белых мядзведзяў — пакуль яшчэ не стала занадта позна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.