Якой будзе зіма ў Беларусі? Прагноз кліматолага
Надвор'е ў Беларусі / Еўрарадыё
Якой будзе зіма ў Беларусі: марознай і снежнай ці цёплай і лагоднай? А што там з экстрэмальнымі з’явамі? Пра зімовае надвор’е 2025–2026 Еўрарадыё расказаў кліматолаг, эксперт альянсу “Зялёная Беларусь” Уладзіслаў Шумак.
Зіма будзе мяккай
Дакладныя прагнозы зараз вельмі цяжка рабіць у сувязі з асаблівасцямі сістэмы маніторынгу, кажа эксперт. На гэты момант ёсць некалькі прагнозаў і сцэнароў, дзе паказана, якой можа быць зіма 2025–2026 года ў Беларусі.
Эксперт упэўнены, што зімы, як у старых казках, чакаць не трэба.
— Яна будзе вельмі фрагментарнай, кароткай і пераменлівай. Але магчымыя і марозныя перыяды, асабліва ўлічваючы, што тэрыторыя Беларусі дастаткова вялікая.
Напрыклад, у Віцебскай вобласці і ва ўсходніх раёнах краіны магчымыя нават тыднёвыя маразы з наступствамі для гаспадаркі. І зразумела, для сельскай гаспадаркі вельмі важная наяўнасць снежнага покрыва. Калі яго не будзе — магчымае прамярзанне глебы.