Рэжысёр фільма “Пераломны момант” працуе ў кампаніі нявесткі Лукашэнкі
Праца над фільмам "Пераломны момант" / Віталь Піваварчык, БелТА
На гэтым тыдні ў кінапракат Беларусі выйшла новая стужка “Беларусьфільма” — падлеткавая спартовая драма “Пераломны момант”. Яе рэжысёр — 35-гадовы Дзмітры Сарока, які працуе ў прадзюсерскім цэнтры “Музыкальная медыякампанія”. Ім, сыходзячы з расследвання выдання “Бюро”, кіруе ў якасці генпрадусара кампазітарка і нявестка Аляксандра Лукашэнкі Ганна Сялук.
Сваю сувязь з праўладнай кампаніяй Сарока згадаў у размове з дзяржаўным інфаагенцтвам БелТА, у межах промакампаніі “Пераломнага моманту”. У прыватнасці, рэжысёр распавёў што там ён здымае кліпы.
“Агулам місія “Музыкальнай медыякампаніі” — гэта падняць узровень беларускага музыкальнага рынку. Гэта тычыцца музыкальнай часткі, і відэачасткі, паказаць як можна інтэграваць сучасныя тэхналогіі відэавытворчасці для стварэння кліпаў. Уласна там я займаўся візуальнымі эксперыментамі”, — распавёў кінематаграфіст.
Сарока вучыўся ў Акадэміі мастацтваў, амаль дзесяць год прапрацаваў на тэлеканалах ВаенТБ і АНТ. Акрамя рэкламы і музыкальных кліпаў, Сарока сняў некалькі ідэалагічных праектаў па замове Мінкульта: дакументальных “Прэзідэнцкі аркестр”, “Беларускі балет”, “Першы дзень міра”, “Равеснікі перамогі”, “Рана на целе Беларусі” (прыз Мінкульта за лепшы патрыятычны фільм).
Рэжысёр кажа, што трапіў у “Пераломны момант” выпадкова.
“Трапіў я вельмі дзіўна на гэта ўсё. Гэта было лета, мне тэлефанаваў дырэктар кінастудыі [“Беларусьфільм” Дзмітры Сямёнаў] і кажа, што ёсць сцэнар фільма, трэба даць адказ [аб тваім жаданні ўдзельнічаць] цягам дзвюх гадзін. Я яго хуценька пралістаў і сказаў “Так”, таму што мне ўжо было не важна які сцэнар, было важна ўкінуцца ў гэтую працу”.
Сцэнар стужкі, па словах Сарокі, ён цалкам перапісаў і змяніў від спорту на акадэміцкае веславанне, бо былі абмежаваныя тэрміны вытворчасці — трэба было паказаць спорт “візуальна відовішчным і які не быў замкнёны ў памяшканнях”.
“Я сам займаўся акадэміцкім веславаннем, у мяне другі дарослы разрад. Таму падумаў, што магу паказаць рамантыку гэтага віду спорту і ўсе цяжкасці, што там ёсць. Гэта знакавы для Беларусі спорт, пра які ніхто нічога не здымаў”.
Фільм “Пераломны момант” распавядае пра каманду гімназіі ў акадэміцкім веславанні, якая з аўтсайдэраў выбіваецца пераможцы ў юнацкіх спаборніцтвах. Стужка сёлета стала фільмам-адкрыццём кінафестывалю “Лістапад”, які праводзіцца пяты годы кінастудыяй “Беларусьфільм”, дзе яе ўзнагародзілі прызам “Кіно без межаў” Выканкама СНД. Агульнарэспубліканскі пракат стужкі пачаўся з 27 лістапада.