Рэцэнзія на фільм “Класная”. Ідэалагічная казка з забытай савецкай каморы

Кадр з фільма "Класная"

Кадр з фільма "Класная" / РУП "Беларусьфільм"

Напрыканцы чэрвеня ў мінскім кінатэатры “Масква” адбыўся закрыты паказ чарнавой версіі (недаробленыя колеравая карэкцыя і гук) фільма “Класная” рэжысёра Кірыла Халецкага — чарговага ідэалагічнага праекта пра працу беларускіх настаўнікаў, пракат якога запланаваны на 18 верасня. 

Праца над стужкай, якую курыравала Міністэрства адукацыі, распачалася два гады таму з прапановы дырэктаркі сярэдняй школы №73 Мінска Ірыны Родзік “папулярызаваць прафесію педагога”. Карціну таксама згадваў Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняга наведвання “Беларусьфільма”, а міністр культуры Руслан Чарнецкі лічыць “Класную” не менш, як прарывам у сферы дзяржкіно.

Рэцэнзія на фільм “Класная”. Ідэалагічная казка з забытай савецкай каморы
Кадр з фільма "Класная" / РУП "Беларусьфільм"

Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі ўжо паглядзеў фільм і распавядае, чаму прарывам тут і не пахне, а “Класная” нагадвае хутчэй нязграбную вытворчую меладраму, знятую па лякалах савецкага кіно часоў “хрушчоўскай адлігі” і “брэжнеўскага застою”.

Гэта пачатак цыкла рэцэнзій “Нябачнае кіно 2020-х”. Больш тэкстаў будзе па гэтай спасылцы.

***

Ці здольны адзін фільм уратаваць цэлую кінавытворчасць? Нават калі гаворка ідзе не пра ўвесь нацыянальны кінематограф, а толькі пра яго шматпакутны дзяржсектар, які працуе па нязменных правілах, распрацаваных уладамі? 

Адказ відавочны — зразумела, што не, але для самаўпэўненых беларускіх чыноўнікаў такі варыянт не падыдзе. Для іх магчыма і не такое.

Нават калі задача падаецца невырашальнай — алхімічным чынам вынайсці формулу кіно, дзе б цікавы сюжэт арганічна спалучаўся з беднай на змест ідэалогіяй рэжыму. Эксперыментаў за апошнія дзесяцігоддзі было зроблена шмат, вынікі несуцяшальныя, але спробы ўпарта працягваюцца.

Рэцэнзія на фільм “Класная”. Ідэалагічная казка з забытай савецкай каморы
Міністр культуры Руслан Чарнецкі ў фільме "Класная" / РУП "Беларусьфільм"

Менавіта таму падчас нядаўняй паказальнай крытыкі “Беларусьфільма” з боку Аляксандра Лукашэнкі, якому ўжо больш за 30 гадоў падпарадкоўваецца гэтая студыя, міністр культуры Руслан Чарнецкі паабяцаў бомбу. Паводле яго, ужо гэтай восенню нас усіх чакае ні многа ні мала — сапраўдны прарыў.

Пад такім амбітным абяцаннем ён меў на ўвазе “Класную” —  “выхаваўчую” камедыйную драму пра будні настаўнікаў. Мэтаў у праекта, які курыравала Мінадукацыі, было шмат: падняць прэстыж збанкрутаваўшай прафесіі настаўніка, а таксама быць ідэалагічна правільным і проста забаўляльным творам. Практыкаванне, якое беларусьфільмаўскія рэжысёры з зайздроснай рэгулярнасцю правальвалі. 

Апошняя спроба — “Ліст чакання”, вытворчая драма пра кардыёлагаў-патрыётаў. Знятая два гады таму аксакалам дзяржзамоваў Аляксандрам Яфрэмавым, якая ўскладзеных на яе чаканняў улады не апраўдала. 

Таму гэтым разам праект даручылі 24-гадоваму супрацоўніку нацстудыі Кірылу Халецкаму, які на сустрэчы з чыноўнікамі адзіны быў з барадой, магчыма, каб выглядаць больш старэйшым, чым ёсць. 

Рэцэнзія на фільм “Класная”. Ідэалагічная казка з забытай савецкай каморы
Кадр з фільма "Класная" / РУП "Беларусьфільм"

Менавіта яму Лукашэнка на студыі раздаваў дзіўныя парады, як стварыць захапляльнае і пераканаўчае кіно, калі “Класная” ужо дакладна была цалкам знятая і хутчэй за ўсё нават змантаваная.

Па выніку ў Халецкага з настаўнікамі атрымалася не нашмат лепей, чым у Яфрэмава з медыкамі. “Класную” сапраўды можна назваць ідэалагічна вытрыманым праектам. А вось з забаўляльным складнікам і ўздымам прэстыжу прафесіі, на які так разлічвала рэжымная бюракратыя, тут усё значна складаней.

Справа ў тым, што “Класная” па сваім жанры — падлеткавая меладрама з элементамі вытворчай драмы. Гэта аповед пра рутыну працы сельскага настаўніка. Але нічога драматычна ёмістага ў фільме і блізка няма — усе канфлікты максімальна простыя, калі не сказаць прымітыўныя.

Выпускніцу БДПУ з чырвоным дыпломам Таццяну, якую грае маладая акторка Тэатра кінаактора Ірына Мароз, строгае кіраўніцтва ВНУ накіроўвае праходзіць адпрацоўку ў выдуманы аграгародак Зарэчча. Сама ж дзяўчына не гарыць жаданнем пакідаць родны Мінск. Але гэта не ўсе праблемы маладой настаўніцы. 

Рэцэнзія на фільм “Класная”. Ідэалагічная казка з забытай савецкай каморы
Кадр з фільма "Класная" / РУП "Беларусьфільм"

Прызначаны ёй пад апеку 11-ты клас пад кіраўніцтвам нефармальнага лідара Дзмітрыя (актор Максім Залажук) не спяшаецца прызнаваць яе аўтарытэт замест сваёй былой класнай, якая захварэла на анкалогію з’ехала з аграгарадка. Таццяне давядзецца цягам года знайсці падыход да кожнага з вучняў і падрыхтаваць з імі навагодняе свята. 

Калі паспрабаваць уявіць, з якімі пратэкцыйнымі выклікамі сутыкаецца малады настаўнік, прыехаўшы ў сельскую мясцовасць, і яго маладыя падапечныя, фантазія пачынае падкідваць безліч варыянтаў: ад загружанай і малааплатнай працы да жадання старшакласнікаў пакінуць школы і паступіць у замежныя ВНУ.

Надзённых праблемаў падлеткаў і маладых спецыялістаў існуе проста безліч. Але аўтары абралі сабе самыя камфортныя канфлікты. Такія, як непаразуменне паміж старшакласнікамі і маладой настаўніцай, якое абрамляюць мікрасюжэты пра жаданне галоўнай гераіні з’ехаць з аграгарадка. Ці канфлікт паміж бацькам-дармаедам і пасынкам-інвалідам пасля смерці маці і няўцямная любоўная лінія Таццяны з настаўнікам інфарматыкі.

Рэцэнзія на фільм “Класная”. Ідэалагічная казка з забытай савецкай каморы
Кадр з фільма "Класная" / РУП "Беларусьфільм"

Зразумела, што аўтары не маглі зрабіць ва ўмовах сённяшняй цэнзуры рэалістычнае кіно. Але іх “Класная” у драматургічным сэнсе выглядае проста як дрэнны лубок. У персанажаў няма характараў і матывацыі, а толькі яскравыя адметнасці, а большасць падзей адбываюцца без ніякіх нагод, самі сабой. Вось як бойка школьнікаў з вясковымі хлопцамі на дыскатэцы, якая адбылася літаральна як “бог з машыны”. Што казаць, калі цэнтральныя персанажы — класная і яе умоўны антаганіст-старшакласнік — кіруюцца памкненнямі якія не асабліва можна патлумачыць? 

Настаўніца не хоча ехаць у аграгародок, бо яе чакаюць у сталічнай гімназіі. А школьнікі не прымаюць новую настаўніцу, проста таму што ў іх ёсць таемны звод правілаў, прыдуманых былой класнай. Чаму ён для іх такі важны — невядома. 

Скалочанай “з таго што было” драматургіі недастаткова, каб паверыць у гэтую дабратворную гісторыю, з якой толькі што гуманістычны ялей не цячэ. 

Рэцэнзія на фільм “Класная”. Ідэалагічная казка з забытай савецкай каморы
Кадр з фільма "Класная" / РУП "Беларусьфільм"

Заўважна, што рэжысёр у якасці рэференсаў браў савецкія стужкі пра школу 60-70-х гадоў, як тая ж “Вялікая перамена” ці “Дажывём да панядзелку”. Але сам Халецкі як пастаноўшчык далёка не Растоцкі і не Коранеў, ды і ў сэнсе сюжэту і акторскага патэнцыялу савецкія стужкі непараўнальныя ў сваёй мастацкай вазе з “Класнай”.

Чым могуць ганарыцца аўтары, дык гэта адпрацаваным на дзясятачку ідэалагічным запалам. Рэжысёр устаўляе буйныя планы афіцыйнага сцяга. Героі ледзьве не цалкам спяваюць гімн на школьнай лінейцы, а праз пяць хвілін рэкламуюць кнігу пра Лукашэнку “Наш прэзідэнт”, па якой гераіня, як сама прызнаецца, напісала дыпломную працу. 

Я ўжо не кажу пра ўстаўкі пра заняткі з Дня народнага адзінства, зацыкленасць на значнасці Дня перамогі ў Вялікай айчыннай вайне і дыялогі пра знаёмую галоўнай гераіні, якая з’ехала ў Лондан і якой маці дасылае грошы на жыццё за мяжой. Не кіно — а набор ідэалагічных штампаў.

Цікава назіраць, як культ асобы перыядычна вельмі ўяўна праступае на экране, ствараючы з “Класнай” мікс постсацрэалістычнага кіно, дзе пасярод гуманізму “адліжнай” эстэтыкі бачныя непрыгожыя плямы сталінскага кіно.

Рэцэнзія на фільм “Класная”. Ідэалагічная казка з забытай савецкай каморы
Кадр з фільма "Класная" / РУП "Беларусьфільм"

Нягледзячы на жаданне ісці за савецкай класікай, “Класная” выглядае як бездапаможна эпігонскае і, што значна горш, — пустое кіно. 

Яно, як праўладнае тэлебачанне, расказвае пра рэчаіснасць, якую вы не зможаце пабачыць уласнымі вачыма, адчуць, памацаць, пражыць. 

А сённяшняга гледача, выхаванага ютубам, тыктокам і інстаграмам, гэтымі казкамі пра натхняльнае жыццё маладога спецыяліста ў беларускай глыбінцы дакладна не правядзеш.

Спрабуйце яшчэ, а пакуль – на пераздачу.

Адзнака Еўрарадыё: 4 з 10

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.