Баранавіцкі актывіст, які вярнуўся ў Беларусь, зняўся ў прапагандысцкім фільме
Анатоль Вайцяхоўскі ў прапагандысцкім фільме / "Беларусь 1"
У прапагандысцкім фільме БТ зняўся палітуцякач Анатоль Вайцяхоўскі, які знік у Беластоку каля месяца таму. Паказаць стужку плануюць у панядзелак на тэлеканале "Беларусь 1".
У 1990-х Вайцяхоўскі заснаваў у Баранавічах прыватную газету "Шаг", у 2000-х займаўся бізнесам. У красавіку 2023-га яго затрымлівалі за каментары, у тым ліку супраць расійскай агрэсіі ва Украіне. Пры дапамозе фонду BYSOL ён эвакуяваўся ў Польшчу. Жыў у Беластоку
Сёлета ў сакавіку ён разам з сваім суседам Уладзімірам Усерам з'явіўся ў прапагандысцкім фільме БТ "Чужое неба". Там яны расказвалі пра цяжкасці жыцця ў эміграцыі. Выявілася, што прапагандысты знялі іх падманам.
У лістападзе 2025 года Усера затрымала Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) і абвінаваціла ў шпіянажы на замежную разведку. З увагі на стан здароўя арыштоўваць яго не сталі. Спачатку ўцякач быў у шпіталі, потым — у шэлтары ў Беластоку. На пачатку снежня ён памёр.
Пасля смерці Усера Вайцяхоўскі знік з працы, пачысціў свае сацсеткі, а потым раптам знайшоўся ў Беларусі.