Польскі банк PKO паставіў новы дэдлайн беларусам — 5 студзеня

Банк PKO

Банк PKO / Shutterstock

Гісторыя з блакаваннем беларускіх рахункаў у польскім банку PKO становіцца ўсё больш незразумелай.

Як паведамлялася раней, на пачатку снежня банк пачаў рассылаць беларусам эсэмэскі, патрабуючы да 11 снежня пацвердзіць актуальны від на жыхарства ў Польшчы. У іншым разе ўладальнікам рахункаў гразілі закрыць магчымасць пералічэння грошай праз карткі, інтэрнэт, тэлефон і г.д. Гэтыя дзеянні тлумачылі санкцыямі ЕС, прынятымі ў кастрычніку. Пазней з'явілася тлумачэнне банка, што пад абмежаванні трапяць толькі тыя беларусы, якія адкрылі рахунак 24 кастрычніка 2025 года і пазней — калі быў прыняты 19-ы пакет санкцый.

Выданне devby.io не знайшло, аднак, нікога, каму б заблакавалі рахунак пасля 11 снежня — ні сярод тых, хто атрымаў пуш-паведамленні, ні сярод тых, хто адкрыў рахунак пасля 24 кастрычніка 2025 года.

Аднак паведамленні з прапановай пацвердзіць сваё легальнае знаходжанне ў Польшчы сталі атрымліваць старыя кліенты банка. Ім дасылаюць пуш-паведамленні, патрабуючы прынесці дакументы да 5 студзеня 2026 года. Іначай пагражаюць блакаваць карткі і анлайн-паслугі.

Выданне расказвае пра беларуску, якая трапіла ў абсурдную сітуацыю. Атрымаўшы паведамленне пра 11 снежня, яна схадзіла ў банк з дзейным дазволам на жыхарства. Там дакумент нават не паглядзелі, сказалі, што ўсё добра. А праз нядоўгі час беларуска атрымала паведамленне, што яна павінна пацвердзіць сваю легальнасць да 5 студзеня 2026 года

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.