Блогера Павука на АНТ абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэлефонных тэрарыстычных атак
Сяргей К., якога паказалі на допыце / АНТ
Увечары 16 снежня на тэлеканале АНТ выйшаў сюжэт, падрыхтаваны дачкой міністра інфармацыі Марата Маркава. У ім сілавікі і памежнікі расказвалі пра затрыманне "чарговага экстрэміста". Нібыта блогер Андрэй Павук рыхтаваў у Беларусі серыю фальшывых тэлефанаванняў пра мініраванне школ і шпіталяў.
Настасся Маркава паказала ў сюжэце затрыманага Сяргея К. Паведамлялася, што мужчына з 9 снежня спрабаваў купіць шмат беларускіх сім-картак і актываваць іх. Шукаў ён сімкі чамусьці ў эмігранцкіх і памежных чатах. Нібыта, адну з сімак ён спрабаваў актываваць непасрэдна ў краме пры заставе Лідскага памежнага атрада. Таксама ён дамовіўся набыць сім-бокс для картак.
Праз Сяргея К. сілавікі нібыта і выйшлі на Андрэя Павука. Блогер, як сцвярджаецца, планаваў дэстабілізаваць краіну падчас Усебеларускага народнага сходу, рассылаючы фальшывыя паведамленні пра мініраванне. Як доказ на тэлеканале запусцілі галасавыя паведамленні Павука.
У каментары "Нашай Ніве" блогер абверг сапраўднасць гэтых запісаў: "Там нават не мой голас. Можа, штучны інтэлект?" Павук паведаміў, што для тэлефанавання чыноўнікам у Беларусь яму дастаткова дзейнай е-сімкі, зарэгістраванай на беларуса з эміграцыі з дазволу апошняга.
Тэлесюжэт на АНТ ён ахарактарызаваў як "крызіс жанру". Адразу пасля выхаду сюжэту блогер набраў нумар Марата Маркава. Размова была кароткай і нецэнзурнай:
— Марат, што ты там за х...ню выпусціў на АНТ пра Павука?
— Павук быў дурнем, таму давялося. Будзь здаровы.
Пасля гэтага Андрэй Павук датэлефанаваўся ў міліцыю з просьбай пакараць міністра інфармацыі за стварэнне фэйкаў.