Польскі банк РКО разблакаваў рахунак беларусцы без ВНЖ

Польскі банк PKO, ілюстрацыйнае фота

Польскі банк PKO, ілюстрацыйнае фота / Monika Dekrewicz / Bankier.pl

Польскі банк РКО 12 снежня заблакаваў рахунак беларусцы ў гэтай краіне. Раней яна, як і многія нашыя суайчыннікі, атрымала паведамленне пра неабходнасць падаць дзейны ВНЖ. Аднак пазней рахунак дзяўчыне разблакавалі, хаця ВНЖ у яе няма. Пра гэты выпадак піша выданне MOST.

Дзяўчына адкрывала рахунак да 23 кастрычніка 2025 года паводле часовага пасведчання асобы замежніка (TZTC) — гэты дакумент выдаецца на час разгляду справы аб міжнароднай абароне. Тэрмін дзеяння папярэдняй карткі ў яе скончыўся 11 снежня, а новую картку беларуска яшчэ не атрымала, таму не магла паказаць у банку дзейны дакумент. 12 снежня ёй заблакавалі доступ да рахунку, мабільнага дадатку, а таксама імгненныя плацяжы BLIK.

Нядаўна дзяўчына атрымала новае пасведчанне TZTC. Хаця гэта не від на жыхарства, яна вырашыла паказаць яго ў банку. Дакумент прынялі і ўнеслі ў базу, пасля чаго ўсе функцыі рахунку аднавілі.

Выданне піша таксама, што некаторыя беларусы, якія не маюць дзейнага ВНЖ, адкрывалі рахунак у банку PKO па беларускім пашпарце да 23 кастрычніка 2025 года. У іх цяпер дзейнічае доступ да рахунку і ўсіх аперацый па ім. Верагодна, праблемы ўзнікаюць у тых, у каго скончыўся тэрмін дзеяння дакумента, па якім першапачаткова быў адкрыты рахунак.

На пачатку снежня многія беларусы атрымалі ад банка PKO паведамленні, што ім заблакуюць карткі і анлайн-аперацыі па рахунку, калі яны не пададуць дзейны від на жыхарства ў краінах ЕС да 11 снежня. Гэта тлумачылі 19-м пакетам санкцый Еўрасаюза. Пазней некаторыя беларусы сталі атрымліваць аналагічныя паведамленні, дзе дэдлайн быў вызначаны на 5 студзеня 2026 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.