На афіцыйным партале польскага ўрада з'явіўся раздзел для беларусаў

Сцяг Польшчы, ілюстрацыйнае фота

Сцяг Польшчы, ілюстрацыйнае фота

Для беларусаў, якія жывуць у Польшчы, 22 снежня пачаў дзейнічаць афіцыйны ўрадавы сэрвіс на беларускай мове. Гэта вынік сумеснай паўгадавой працы намесніка кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) Паўла Латушкі і канцылярыі прэм'ер-міністра Польшчы, паведамляе прэс-служба АПК.

На сайце будзе давацца максімальна шырокая інфармацыя па легалізацыі для беларусаў, якія вымушана пакінулі Беларусь і знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы. Уся інфармацыя, як падкрэсліваецца, мае афіцыйны характар і падрыхтаваная на падставе дзейных прававых нормаў, а таксама інфармацыі, пададзенай больш як дзесяццю міністэрствамі і ведамствамі Польшчы. Плануецца яе штоквартальнае абнаўленне.

У прыватнасці, на партале асвятляюцца наступныя пытанні:
— наданне нумара PESEL і рэгістрацыя;
— асновы легальнага знаходжання ў Польшчы;
— пенсія і пацвярджэнне працоўнага стажу;
— сямейныя выплаты для грамадзян Беларусі, якія жывуць у Польшчы;
— дапамога і рэгістрацыя ва ўпраўленні працы;
— працэдура адкрыцця банкаўскага рахунку грамадзянамі Беларусі ў Польшчы;
— гаспадарчая дзейнасць грамадзян Беларусі ў Польшчы;
— абмен беларускага пасведчання кіроўцы на польскае;
— часта задаваныя пытанні;
— карысныя кантакты.

"Звяртаюся да беларусаў: калі ў вас ёсць тэмы, важныя для асвятлення на гэтым інфармацыйным сэрвісе, калі ласка, паведамляйце пра іх у Аб’яднаны пераходны кабінет", пракаментаваў Павел Латушка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.