Фонд BySol паведаміў, колькі грошай удалося сабраць за 2025 год
Фонд BySol / "Наша Ніва"
Фонду салідарнасці BySol за 2025 год удалося сабраць больш за 1,25 мільёна еўра дапамогі. Пры гэтым у фондзе падкрэсліваюць, што гэта толькі папярэднія падлікі.
У гэтую суму ўвайшлі і персанальныя зборы, і зборы фонду (напрыклад, дзіцячы збор), а таксама зборы на ініцыятывы. Агулам за мінулы год фонд здолеў закрыць каля 250 персанальных збораў, у тым ліку 12 для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.
Таксама летась былі два вялікія экстраныя зборы для вызваленых палітвязняў. Падчас першага сабралі 110 тысяч еўра, падчас другога — 260 тысяч еўра. Абодва зборы былі закрытыя вельмі хутка, а сабраныя сумы ўдвая перавысілі пастаўленыя мэты.
Каманда эвакуацыі BySol правяла за мінулы год 140 кейсаў.
Таксама за 2025 год фонд зрабіў амаль 500 выплат палітвязням пасля вызвалення. Гэта былі грошы на тэрміновыя пакупкі — сезонныя рэчы, лекі ці кампенсацыю іншых жыццёва неабходных выдаткаў.
Акрамя таго BySol за мінулы год падтрымаў дзесяць праектаў ініцыятыў міні-грантамі на агульную суму амаль 37 тысяч еўра.