Фонд BYSOL атрымаў 99 заявак ад нядаўна вызваленых палітвязняў

Сустрэча аўтобуса з экс-палітвязнямі

Сустрэча аўтобуса з экс-палітвязнямі / Еўрарадыё

Фонд BYSOL атрымаў больш за 260 тысяч еўра для падтрымкі палітвязняў, вызваленых 13 снежня. Агулам паступіла больш за 4500 данатаў, паведамілі прадстаўнікі фонду на брыфінгу 12 студзеня.

Сярэдні данат склаў 55 еўра на чалавека. Самы вялікі пераведзены данат быў больш за 2000 еўра. Пры гэтым першыя 100 тысяч еўра былі сабраныя ў першыя некалькі гадзін пасля адкрыцця збору. Прадстаўніца фонду падкрэсліла, што ў падтрымцы збору вялікую ролю адыграў Офіс Ціханоўскай.

У фонд паступіла ўжо 99 заявак ад палітвязняў на атрыманне фінансавай дапамогі. Па 70 з іх ужо былі выплачаныя грошы.

Кожны палітвязень, які падаў заяўку, аднаразова атрымлівае па 2000 еўра. У гэтую суму ўваходзіць 1000 еўра, якую BYSOL выплачвае па праграме падтрымкі палітвязняў. Заяўкі ад вызваленых будуць прымацца да 1 красавіка. Потым усе астатнія сродкі са збору раўнамерна размяркуюць паміж вызваленымі вязнямі.

13 снежня 2025 года ў Беларусі ўказам Лукашэнкі былі памілаваныя 123 палітвязні, сярод якіх было 111 беларусаў. Замежнікаў і праваабаронцу, нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага вывезлі ў Літву. Усіх астатніх спачатку вывезлі ва Украіну, а адтуль — у краіны Еўрасаюза.

Аперацыйная дырэктарка фонду BYSOL Ганна Дапшэвічуце адзначыла такую праблему, што не ўсе былыя палітвязні маюць банкаўскія рахункі за мяжою, таму яны не адразу могуць атрымаць грашовую дапамогу. Частку дапамогі магчыма выплаціць гатоўкай, але пераважна фонду даводзіцца чакаць, пакуль людзі аформяць сабе рахункі ў банках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.