Спектакль, зняты "па тэхнічных прычынах", цалкам выдалілі з рэпертуару тэатра

Афіша спектакля "Сёстры Грым" / puppet-minsk.by
Спектакль "Сёстры Грым" цалкам знялі з рэпертуару Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і ніколі яго не пакажуць. Пра гэта сведчыць тое, што старонка пра гэтую пастаноўку была цалкам выдаленая з сайта тэатра, піша выданне "Зеркало".
Прэм'ера спектакля Яўгена Карняга была прызначаная на 13 верасня. Аднак перад гэтым у сацсетках тэатра з'явілася абвестка, што паказ адменены "па тэхнічных прычынах".
Паводле інфармацыі "Зеркала", прэм'ера была забароненая пасля перадпаказу. Ён прайшоў 12 верасня, на ім прысутнічала камісія Міністэрства культуры, якая займаецца папярэдняй цэнзурай усіх тэатральных пастановак. Пасля перадпаказу камісія пастанавіла не дапускаць спектакль да паказу. Прычына забароны невядомая.
Паведамлялася, што "Сёстры Грым" мусілі стаць варыяцыяй на раней пастаўлены Яўгенам Карнягам у гэтым жа тэатры спектакль "Інтэрв'ю з ведзьмамі", заснаваны на казках братоў Грым. Ён ішоў з 2015 да 2023 года, пакуль з тэатра не звольнілі адну з акторак, занятых у пастаноўцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.