У мінскім тэатры за гадзіну раскупілі квіткі на прэм'еру паводле Быкава

Тэатр лялек у Мінску

Тэатр лялек у Мінску / sb.by

У мінскім Тэатры лялек за гадзіну раскупілі квіткі на два месяцы.

Днямі тэатр анансаваў прэм’еру — спектакль "Хутар" паводле аповесці Васіля Быкава "Знак бяды". Рэжысёрам выступае вядомы Яўген Карняг.

7 траўня тэатр апублікаваў афішу з гэтым ды іншымі спектаклямі на чэрвень-ліпень. І менш чым за гадзіну ўсе квіткі былі раскупленыя, заўважыла "Наша Ніва". Тыя, каму не пашанцавала купіць квіток, могуць набыць тое, што застаецца ў касе — у тым ліку месца на прыстаўных крэслах, квіткі на якія прадаюцца ў дзень паказаў.

Ажыятаж на спектаклі мінскага Тэатра лялек фіксуецца даўно. Дырэктарка тэатра кажа, што праблему спрабавалі развязаць праз большую колькасць паўтораў у афішы. Таксама тэатр перастаў загадзя паведамляць пра пачатак продажаў — каб пазбегнуць напружання. Аднак гэтыя меры не дапамаглі.

Акрамя фанатаў тэатра сайт атакуюць і боты, перакупы, якія пазней перапрадаюць квіткі па завышаных коштах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.