Памятная шыльда Васілю Быкаву з'явіцца ў Франкфурце-на-Майне

Рада Франкфурта-на-Майне прагаласавала за шыльду Васілю Быкаву / Аб’яднанне беларусаў RAZAM e.V.
У Франкфурце-на-Майне з'явіцца памятная шыльда ў гонар беларускага пісьменніка і дысідэнта Васіля Быкава. За яе ўсталяванне аднагалосна прагаласавала гарадская рада на пасяджэнні 2 верасня, паведамляе арганізацыя беларусаў у Германіі RAZAM e.V.
Шыльда мусіць з'явіцца ў парку Bockenheimer Anlage, побач з домам, дзе жыў пісьменнік ў гэтым нямецкім горадзе ў 2001 і 2002 гадах.
Перад галасаваннем сябры арганізацыі RAZAM e.V. Яўгенія Гукава і Алесь Маісеенка прэзентавалі дэпутатам горада жыццёвы шлях і творчасць Васіля Быкава. "Мы выказваем падзяку ўсім дэпутатам, якія зрабілі магчымым рэалізацыю гэтай ідэі. Асобная падзяка — суініцыятарам Міхаілу Рубіну, Таццяне Трафімавай і дэпутату Штэфану Кортэ (FDP), які падаў заяўку", — падкрэслілі актывісты.
Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў у 1998 годзе быў вымушаны пакінуць радзіму з палітычных прычынаў. У рамках ініцыятывы "Горад прытулку" ён пражываў у Франкфурце-на-Майне, дзе, у тым ліку, запісаў успаміны Барыса Кіта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.