У Купалаўскім тэатры праводзяць вяселлі па-руску

Вяселле ў Купалаўскім тэатры

Вяселле ў Купалаўскім тэатры / kupalauski.by

Купалаўскі тэатр, большасць трупы якога была вымушаная эміграваць пасля 2020 года, прапаноўвае новую паслугу. Цяпер тут можна пабрацца шлюбам. Відэа з такой цырымоніі з’явілася ў інстаграме тэатра.

У паведамленні гаворыцца, што гэта магчымасць пачаць гісторыю сваёй сям'і ўсценах найстарэйшага тэатра краіны: "У стварэнні святочнай атмасферы вам паспрыяюць прыгожы інтэр’ер, артысты і музычнае суправаджэнне аркестра Купалаўскага тэатра".

У адным з пакояў тэатра паставілі дэкаратыўную арку, задрапіраваную белай тканінай і ўпрыгожаную лямпачкамі. Таксама там стаяць кветкавыя кампазіцыі. Святочна-тэатральную атмасферу ствараюць акцёры ў шляхецкіх касцюмах і аркестр тэатра.

На відэа чуваць, што цырымонія праводзіцца па-руску. Стылізаванае пад старадаўні дакумент пасведчанне аб шлюбе таксама зробленае па-руску.

Як піша "Наша Ніва", заплаціць за тэатралізаваную цырымонію вяселля давядзецца ад 1000 да 1500 рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.