У віцебскім тэатры "Лялька" застаўся толькі адзін спектакль для дарослых

Спектакль "Кацёл з каменьчыкамі" паводле аднайменнай казкі Уладзіміра Караткевіча / lialka.by
У рэпертуары віцебскага тэатра "Лялька" спектакляў для дарослых амаль не засталося.
Раней тут ставілі, напрыклад, "Ладдзю роспачы" паводле твора Уладзіміра Караткевіча і спектакль пра Марка Шагала "Мастак. Вяртанне ў Віцебск". Цяпер для аўдыторыі 16+ тэатр мае толькі адну прапанову — тэатральна-канцэртную праграму "Калейдаскоп (не)звычайных гісторый", заўважыла "Наша Ніва". Астатні рэпертуар складаюць казкі для самых маленькіх.
Журналіст выдання датэлефанаваўся ў адміністрацыю тэатра як сталы глядач і пацікавіўся прычынамі такіх перамен. У адказ яму спаслаліся на звальненне актораў: "Акцёры сышлі, а маладняк навучыць яшчэ трэба, увесці ў рэпертуар. У нас жа былі занятыя і ўзроставыя акцёры: нехта перайшоў на новую пасаду, а іншым ужо складана ў свае 60+ скакаць у "Брэменскіх музыках" гэтак жа, як раней".
Скарачэнне рэпертуару тлумачаць у тэатры і фінансавымі складанасцямі, выкліканымі новым указам Лукашэнкі, які пачаў дзейнічаць з пачатку гэтага года. Згодна з ім тэатры сталі атрымліваць менш бюджэтных грошай. Цяпер стварэнне новых пастановак, гастролі, аплата камунальных паслуг і эксплуатацыйных выдаткаў, а таксама выплата заробкаў адбываецца ў суадносінах "50 на 50" — пароўну са сродкаў бюджэту і ўласных прыбыткаў тэатраў. У адміністрацыі "Лялькі" кажуць, што вымушаныя часцей выступаць, каб больш зарабіць, а на рэпетыцыі чагосьці новага застаецца менш часу.
Дарэчы, тэатр "Лялька" разам з Купалаўскім, Коласаўскім і РТБД застаецца адным з нешматлікіх тэатраў, дзе ўсе свае спектаклі ставяць па-беларуску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.