Польская пракуратура будзе раследваць смерць Мікіты Мелказёрава
Мікіта Мелказёраў у студыі Еўрарадыё / Еўрарадыё
Польская пракуратура расследуе смерць Мікіты Мелказёрава, паведамілі "Белсату" ў ведамстве.
У справе фігуруе артыкул аб ненаўмысным забойстве, які заўсёды ўжываюць, калі прычыну смерці яшчэ не выявілі.
"Будзе праведзенае анатамаванне — мы не ведаем, калі дакладна, магчыма, гэта будзе яшчэ да Калядаў", — паведаміў "Белсату" прэс-сакратар Акруговай пракуратуры польскай сталіцы Пётр Антоні Скіба.
У пракуратуры абяцаюць абнародаваць звесткі, якія не супярэчаць інтарэсам сям'і загінулага.
"Далейшыя працэсуальныя дзеянні залежаць ад вынікаў судова-медычнай экспертызы. Усё залежыць ад таго, што стане вядома пасля ўскрыцця", — рэзюмаваў Скіба.
Сёння ў Варшаве а 18-й гадзіне (па польскім часе) ў Касцёле святога Аляксандра на варшаўскім пляцы Трох Крыжоў адбудзецца малебен за спачылага журналіста.