У МУС Польшчы выказаліся пра адкрыццё чыгуначнага злучэння з Беларуссю

Чыгуначная станцыя ў польскім Тэрэспалі

Чыгуначная станцыя ў польскім Тэрэспалі / wikipedia.org

У Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы адказалі, калі могуць аднавіць пасажырскі чыгуначны рух паміж Польшчай і Беларуссю.

Пасажырскія цягнікі паміж Беларуссю і Польшчай не ходзяць з сакавіка 2020 года. Спачатку гэта было звязана з пандэміяй каранавіруса, пазней — з санкцыямі. Аднак нядаўна Польшча адкрыла два дадатковыя аўтамабільныя пераходы на мяжы з Беларуссю: Кузніца — Брузгі і Баброўнікі — Бераставіца.

З гэтай нагоды выданне rynek-kolejowy.pl звярнулася ў МУС Польшчы з пытаннем пра магчымасць чыгуначнага злучэння.

"Аднаўленне руху ў двух аўтамабільных памежных пераходах з Беларуссю стала магчымым дзякуючы мадэрнізацыі фізічнай і электроннай інфраструктуры мяжы. Мы дасягнулі вельмі высокага ўзроўню эфектыўнасці забеспячэння мяжы. Выкананне гэтых умоў дазволіла выйсці насустрач чаканням грамадскасці, у прыватнасці прадпрымальнікаў, у тым ліку перавозчыкаў, а таксама асоб, якія падарожнічаюць на працу з Беларусі ў Польшчу", — пракаментавала прэс-служба МУС адкрыццё аўтамабільных пераходаў.

А вось з чыгуначнымі пераходамі Кузніца — Гродна і Тэрэспаль — Брэст справа выглядае больш складана: "Гэта залежыць ад зніжэння пагрозы масавай міграцыі на гэтым кірунку. [...] Для нашага міністэрства галоўнае — бяспека Польшчы і палякаў".

Пры гэтым грузавыя цягнікі па-ранейшаму рухаюцца праз беларуска-польскую мяжу.

У Міністэрстве інфраструктуры, якое да 2020 года фінансавала рух цягнікоў з Польшчы ў Гродна і Брэст, журналістам паведамілі, што не маюць уплыву на прыняцце такіх рашэнняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.