У Беларусі затрымаліся 185 грузавікоў і прычэпаў — мытня Літвы

Фуры, ілюстрацыйнае фота

Фуры, ілюстрацыйнае фота

185 грузавікоў і прычэпаў з літоўскімі нумарамі затрымаліся ў Беларусі. Такую лічбу журналістам назвала намесніца кіраўніка Мытнага дэпартамента Літвы Давіле Краўлайдэне.

Паводле яе, раней былі звесткі пра 488 літоўскіх аўтамабіляў, якія не могуць выехаць з Беларусі. Але праверка даных і відэакамер на тэрыторыі Літвы дазваляе канстатаваць, што ў РБ засталіся толькі 185 транспартных сродкаў. Паводле Краўлайдэне, гэта 91 грузавік і 49 прычэпаў, якія належаць асацыяцыі перавозчыкаў Linava, а таксама 28 грузавікоў і 17 прычэпаў, не звязаных з гэтай асацыяцыяй. "Таксама ўстаноўлена, што некалькі грузавікоў маюць расійскія рэгістрацыйныя нумары", — дадала яна.

У адказ прэзідэнт Linava Эрландас Мікенас заявіў, што не ведае, адкуль Мытны дэпартамент узяў такую статыстыку. У каментары DW прадстаўнікі Linava казалі, што з 10 лістапада беларускія мытнікі адправілі на спецстаянкі 1100 грузавікоў. 

На 10 снежня асацыяцыя Linava запланавала ў Вільні акцыю пратэсту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.