У Літве абвясцілі надзвычайную сітуацыю — праз метэазонды з Беларусі
Метэазонд кантрабандыстаў / VSAT
Праз беларускія метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі ў Літве абвясцілі надзвычайную сітуацыю. Яна распаўсюджваецца на ўсю краіну.
Рэжым НС дазволіць ведамствам лепш каардынаваць дзеянні і прыцягваць да сваёй працы армію. У Сейм Літвы ўнесеная пастанова, згодна з якой вайскоўцы змогуць правяраць дакументы, праводзіць надгляд транспартных сродкаў, ужываць спецсродкі.
Кіраваць дзяржаўнымі аперацыямі прызначаны міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч.
"Меры будуць мэтанакіраванымі і прапарцыйнымі. Яны накіраваныя выключна супраць арганізатараў і выканаўцаў незаконнай дзейнасці", — заявіў Кандратовіч.
Аэрастаты з кантрабанднымі цыгарэтамі, запушчаныя з тэрыторыі Беларусі, неаднойчы перапынялі працу літоўскіх аэрапортаў. У лістападзе Літва нават закрывала на тры тыдні мяжу з Беларуссю, каб прымусіць беларускі бок да змагання з кантрабандыстамі.