Кітай выдаў Беларусі 16 000 дазволаў на міжнародныя аўтаперавозкі
І вельмі зацікаўлены ў развіцці перавозак грузаў аўтатранспартам з Кітая транзітам праз Беларусь у Еўропу / pixabay.com
Кітай неахвотна выдаваў дазволы на ўезд беларускіх перавозчыкаў на сваю тэрыторыю. Гэта стала прадметам перамоваў паміж Беларуссю і КНР, якія з беларускага боку ўзначальваў міністр транспарту Аляксей Ляхновіч. Справаздача пра яго камандзіроўку ў Кітай трапіла ў распараджэнне рэдакцыі Еўрарадыё дзякуючы ініцыятыве BELPOL.
Судзячы па справаздачы міністра, сітуацыю ўдалося вырашыць, і Беларусь атрымала ў бягучым годзе 16 000 дазволаў на выкананне міжнародных аўтамабільных перавозак грузаў з Беларусі ў Кітай праз аўтамабільны пункт пропуску Суйфэньхэ.
У даведцы, якую Ляхновіч падаў у сваёй справаздачы пра камандзіроўку, гаворыцца, што “беларускія аўтамабільныя перавозчыкі неаднаразова ў 2025 годзе паведамлялі пра факты непропуску транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь, для ўезду ў МАПП „Суйфэньхэ“ па дазволах Кітая”.