Кітай незадаволены Беларуссю. Рэакцыя на закрытую мяжу з дакумента Мінтранса

Справаздача міністра транспарту Беларусі аб камандзіроўцы ў Кітай пралівае святло на рэакцыю КНР

Справаздача міністра транспарту Беларусі аб камандзіроўцы ў Кітай пралівае святло на рэакцыю КНР / pixabay.com

З 16 па 20 лістапада 2025 года міністр транспарту Беларусі Аляксей Ляхновіч знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Кітаі, дзе трымаў адказ за наступствы закрытай беларуска-польскай мяжы. Судзячы па справаздачы аб гэтай паездцы, якая дзякуючы BELPOL ёсць у распараджэнні Еўрарадыё, міністру давялося выслухаць нямала прэтэнзій ад кітайскага калегі Лю Вэя.

Так міністр транспарту Кітая “выказаў занепакоенасць сітуацыяй з закрыццём чыгуначных памежных пераездаў, размешчаных на беларуска-польскай мяжы, у верасні 2025 года. Адзначыў, што ў дадзенай сітуацыі грузаўладальнікі панеслі фінансавыя страты з-за змянення тэрмінаў дастаўкі грузу, павелічэння транспартных выдаткаў”.

Беларускі міністр у якасці апраўдання “паведаміў калегу, што нягледзячы на прыняцце рашэнняў асобнымі краінамі аб часовым закрыцці чыгуначных памежных пераездаў, Беларусь не спыняла падыход цягнікоў, не ўводзіла забаронаў, не абмяжоўвала іх адпраўленне з КНР і забяспечыла захаванасць грузаў на час чакання. А пасля адкрыцця мяжы за некалькі дзён арганізавала аператыўную перадачу назапашаных цягнікоў праз памежны пераход Брэст – Цярэспаль, забяспечыўшы яго бесперабойнае функцыянаванне”.

Ляхновіч звярнуў увагу, што “у дадзенай сітуацыі Беларуская чыгунка не выставіла ніводнага дадатковага плацяжу кітайскім грузаўладальнікам, што яшчэ раз пацвярджае прыхільнасць Рэспублікі Беларусь усім міжнародным дамоўленасцям і адлюстроўвае наша імкненне і надалей быць высокаэфектыўным злучальным звяном Еўропы і Азіі”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.