Арыну Сабаленка зноў прызналі найлепшай тэнісісткай свету
Арына Сабаленка / x.com/WTA
Найлепшай тэнісісткай свету WTA другі раз запар прызнала беларуску Арыну Сабаленка.
У мінулым сезоне нашая суайчынніца выйшла ў дзевяць фіналаў і выйграла чатыры тытулы. Яна выйграла 63 матчы з 75 і ўсталявала новы рэкорд па суме прызавых за сезон — больш за 15 мільёнаў долараў.
У гонцы за званне Сабаленка абышла Ігу Свёнтак, Алену Рыбакіну, Аманду Анісімаву, Мэдысан Кіз і Кока Гаўф.
WTA штогод выбірае шляхам галасавання журналістаў з пула міжнародных СМІ найлепшага гульца, трэнера, найлепшы турнір года, а таксама тэнісістку, якая зрабіла выключны ўнёсак у развіццё гэтага віду спорту.