Двум пано ў гасцініцы "Планета" надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
Цяпер яны будуць ахоўвацца дзяржавай / Belarusian Soviet Monumental ART
На пасяджэнні Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры члены савета аднагалосна падтрымалі прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці дэкаратыўным керамічным пано "Садоўніцы" гасцініцы "Планета" ў Мінску.
Пано Яўгена Кузняцова, натхнёнае карцінай Сандра Батычэлі "Вясна", цяпер ахоўваецца дзяржавай. Гэтаму паспрыяла сястра аўтара — Надзея Кузняцова, паведамляе "Belarusian Soviet Monumental ART".
Таксама ў гасцініцы "Планета" гісторыка-культурнай каштоўнасцю прызнаныя серыя з васьмі пано "Поры года" ў інтэр’еры банкетнай залы, паліптых з сямі пано "Род", "Мірскі замак", "Неба", "Беларусь", "Сынкавіцкі замак", "Лён", а таксама сем пано без назвы ў інтэр’ерах рэстаранных залаў.
Упершыню прызнаны ўвесь комплекс манументальных работ, адзначаецца на старонцы "Belarusian Soviet Monumental ART".
Вядома, што іншая праца Яўгена Кузняцова — "Маладосць", якая знаходзіцца ў Аксакоўшчыне і з’яўляецца працягам "Садоўніц" з гасцініцы "Планета", знаходзіцца пад пагрозай знішчэння ў сувязі з рамонтам.