ДАІ прапануе зменшыць колькасць маршрутак у Беларусі

Маршрутка, ілюстрацыйнае фота / expressbus.by
У ДАІ прапануюць зменшыць колькасць маршрутак у Беларусі. Гэтую ідэю міліцыянты выносяць на разгляд ва ўрад.
Прапанова была агучаная пасля жудаснай аварыі з маршруткай пад Светлагорскам, дзе загінулі шэсць чалавек.
"Вось адна з прапаноў, якая будзе ў бліжэйшы час разгледжана камісіяй па бяспецы дарожнага руху ў Савеце міністраў — гэта пытанне, можа быць, скарачэння рухомага саставу, які месціць мала пасажыраў. І ўвядзенне транспарту, які запатрабуе менш яго колькасці, менш кіроўцаў, але большай ёмістасці", — падзяліўся падрабязнасцямі ў эфіры тэлеканала СТБ начальнік Галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Беларусі Віктар Ротчанкаў.
Ён прапанаваў, каб міжгароднія маршруткі былі большымі — напрыклад, на 25 месцаў, а не на 17. Гэта, маўляў, паспрыяе бяспецы на дарогах. "Так, іх будзе, магчыма, менш, і радзей яны будуць хадзіць. Але менш кіроўцаў, і бяспека такіх аўтобусаў, калі яны больш буйнагабарытныя, натуральна, павышаецца і бяспека", — патлумачыў начальнік ДАІ.
А прадстаўнікі дзяржаўнага перавозчыка і ўвогуле ўпэўненыя, што справяцца без маршрутак. Прынамсі, у Мінску.
"Пасажыраў перавязем! Я думаю, дастаткова транспарту, дзесьці правядзем пераразмеркаванне патокаў, аптымізацыю маршрутнай сеткі. Дзесьці транспарт можа стане хадзіць крыху радзей, дзесьці крыху часцей", — бадзёра адказвае намеснік гендырэктара "Мінсктранса" Раман Прановіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.