Аршанец пусціў пад адхон цеплавоз, бо хацеў праверыць рэакцыю

Чыгунка, ілюстрацыйнае фота

Чыгунка, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У Оршы мясцовага жыхара асудзілі за сур'ёзную аварыю на чыгунцы. Яму прысудзілі 2 гады і 7 месяцаў "хіміі". Акрамя таго мужчыну накіравалі лячыцца ад хранічнага алкагалізму і пастанавілі спагнаць з яго 18 тысяч рублёў (каля 6 тысяч долараў).

Здарэнне, пра якое ішла гаворка, адбылося ў жніўні 2025 года. Нецвярозы аршанец ішоў уздоўж чыгуначнага палатна і перавёў тры нецэнтралізаваныя ручныя стрэлачныя пераводы ў нейтральнае становішча.

Калі па гэтым участку пайшоў састаў, цеплавоз і першы вагон сышлі з рэек. Пры гэтым былі пашкоджаныя вузлы і механізмы лакаматыва, а таксама чыгуначнае палатно і стрэлачныя прылады. Агульная сума шкоды перавысіла 18 тысяч рублёў.

На следстве мужчына сказаў, што перавёў стрэлкі наўмысна, каб "праверыць, як лакаматыўная брыгада адрэагуе на аварыйную сітуацыю". Дарэчы, сам ён раней на працягу года працаваў слесарам у лакаматыўным дэпо Оршы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.