Ці мае Беларусь шанцы наладзіць адносіны з Еўропай? Меркаванне палітолага
Андрэй Казакевіч разбурае ілюзіі часткі дэмакратычных сіл / Мост
— Калі мяжа ўспрымаецца як крыніца пагрозы, яна не будзе арганізавана як з сяброўскай дзяржавай. Гэта ўплывае і на візавы рэжым, і на характар памежнага кантролю, — сцвярджае ў эфіры Еўрарадыё палітолаг Андрэй Казакевіч, адказваючы на пытанне, ці зможа лукашэнкаўская Беларусь наладзіць адносіны з еўрапейскімі суседзямі.
— Суседнія краіны вымушаныя развіваць ваенную інфраструктуру, узмацняць асіметрыю на межах з Беларуссю. Беларусь, у сваю чаргу, вымушаная рэагаваць.
Словы, рыторыку, наратывы можна дастаткова хутка змяняць, а дзяржаўныя медыя таксама здольныя перабудоўвацца, каб падаваць інфармацыю ў іншым ключы.
Аднак гэта ніяк не адмяняе таго факту, што Беларусь з’яўляецца блізкім ваенным саюзнікам Расіі. Расія вядзе вайну супраць Украіны і, паводле заяваў многіх еўрапейскіх палітыкаў і экспертаў, гібрыдную вайну супраць еўрапейскіх дзяржаў — не толькі Літвы ці Польшчы, але і Даніі, Нарвегіі, Германіі, — адзначае палітолаг.
— Ці можна на гэтым фоне развіваць добрыя адносіны з гэтымі краінамі? Вядома, не. Гэта немагчыма.
Існуе распаўсюджаная ілюзія, у тым ліку сярод беларускіх экспертаў, што ад гэтага можна дыстанцыявацца: паспрабаваць растлумачыць еўрапейцам, быццам Лукашэнка нібыта не кантралюе сітуацыю, і таму варта вынесці гэты фактар за дужкі і гаварыць пра нешта добрае. Але гэта так не працуе.
Беларуская тэрыторыя выкарыстоўваецца для розных відаў пагроз — прамысловы і кадравы патэнцыял краіны задзейнічаны. Ёсць мноства дадзеных пра супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх спецслужбаў дзеля правядзення выведвальных або гібрыдных аперацый на тэрыторыі Еўрапейскага саюза. На такім фоне гаварыць пра “добрыя” адносіны немагчыма, — упэўнены Казакевіч.
— Да заканчэння вайны ніякіх значных пацяпленняў або паляпшэння адносін не адбудзецца.
— Тут магчымыя толькі два сцэнары: альбо Беларусь перастае быць саюзнікам Расіі (што практычна немагчыма), альбо нармалізуюцца адносіны паміж Расіяй і Еўропай.
— Але без заканчэння вайны гэта выключана. Ці магчымы ў перспектыве пяці гадоў працэс нармалізацыі адносін?
— Мне здаецца, гэта малаверагодна. Еўрапейская палітычная “машына” рухаецца павольна, але набірае ход. Мы назіраем перабудову палітыкі, эканомікі і сферы бяспекі ў кірунку супрацьстаяння з Расіяй. Нават калі ва Украіне ўсталюецца мір, Расія ўсё адно будзе ўспрымацца як пагроза.