ЕС не змог узгадніць "рэпарацыйны крэдыт" для Украіны

Сцягі Украіны і Еўрасюза

Сцягі Украіны і Еўрасюза / pixabay.com

Еўрасаюз хацеў даць Украіне "рэпарацыйны крэдыт" на 140 млрд еўра. Але такое рашэнне заблакавала Бельгія, паведамляюць СМІ.

Спробы дамовіцца пра перадачу Украіне даходаў ад расійскіх актываў, замарожаных пасля пачатку вайны, працягваюцца ўжо пэўны час. Нарэшце, краіны амаль прыйшлі да кампрамісу — вынайшлі формулу "рэпарацыйны крэдыт", у выглядзе якога Украіна магла атрымаць гэтыя грошы.

Адзіная праблема: большая частка грошай захоўваецца ў Бельгіі. Кіраўніцтва краіны наўпрост кажа: пакуль не будзе зразумелая ўся юрыдычная аснова і не будуць гарантыі таго, што для самой Бельгіі не можа быць дадатковых праблем, яны не пагодзяцца.

Адным з варыянтаў было наданне гарантый з боку іншых краін ЕС, што пры неабходнасці яны вернуць гэтыя грошы з уласных бюджэтаў. Але такога падыходу, відаць, пакуль недастаткова.

"Мы правялі змястоўнае абмеркаванне рэпарацыйнага крэдыту, які будзе фінансавацца за кошт імабілізаваных расійскіх актываў. Гэта дазволіла нам выявіць моманты, якія патрабуюць высвятлення, пасля чаго мы вернемся да распрацоўкі розных варыянтаў. Дазвольце мне яшчэ раз падкрэсліць: мы заўсёды будзем паважаць еўрапейскае і міжнароднае права, рухаючыся наперад у гэтай працы", — заявіла па выніках пасяджэння старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.