У нядзелю ў Літву з Беларусі заляцелі 66 метэазондаў
Метэазонд з кантрабандай, ілюстрацыйнае фота / vsat.lrv.lt
Увечары 26 кастрычніка ў Літву з Беларусі было запушчана больш аэрастатаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, чым днём раней. Пра гэта журналістам паведаміў кіраўнік літоўскага Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі (НЦКК) Вілмантас Віткаўскас.
Паводле яго слоў, якія падае партал lrt.lt, было зафіксавана 66 аб’ектаў, якія заляцелі ў літоўскую паветраную прастору — прыкладна ўдвая больш, чым 25 кастрычніка. Прычым знайсці пакуль што ўдалося толькі адзін метэазонд, пошукі астатніх працягваюцца.
Як паведамлялася раней, пасля чарговай атакі метэазондаў чацвёрты раз за тыдзень быў вымушаны прыпыніць працу віленскі аэрапорт. Літоўскія ўлады закрылі мяжу з Беларуссю на нявызначаны тэрмін. Пытанне пра яе адкрыццё разглядаецца сёння на пасяджэнні ўрадавай камісіі.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прапанаваў абмежаваць транзіт з Беларусі ў Калінінградскую вобласць РФ.