Дырэктар школы павінен сам здымаць пробу ў сталоўцы — міністр адукацыі
Сталоўка, ілюстрацыйнае фота
Дырэктар школы павінен здымаць пробу з усіх страваў у сталоўцы. Такая прапанова прагучала ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў школьнае харчаванне. Ён заявіў, быццам палова ежы са сталоў школьнікаў ідзе ў адходы, а таксама паведаміў пра крадзяжы ў школьных сталоўках.
Камітэт дзяржкантролю сказаў, што вучні скардзяцца на харчаванне. Таксама праверкі, праведзеныя КДК, выявілі ў сталоўках ежу з пратэрмінаванымі тэрмінамі прыдатнасці, недавесы, вынас прадуктаў.
Падчас абмеркавання гэтай тэмы на тэлеканале прагучала думка, што дырэктар школы павінен сам змагацца за якасць ежы. Паўтарыў яе і міністр адукацыі Андрэй Іванец: "Простай мовай кажучы, зняць пробу ты абавязаны з кожнага прыгатаванага прыёму ежы. І гэта з’яўляецца самай галоўнай гарантыяй".