“Гэта наша харкаўскае перамір’е”: як жыхары перажываюць атакі на горад

Дзяўчына ў схованцы

Дзяўчына ў схованцы / Ксенія Галубовіч

29 сакавіка. Трывога ў Харкаве доўжыцца ўвесь дзень. Увечары мы былі ў цэнтры, калі здарыўся выбух. Гучны, кароткі, але з далікатным рэхам. Менавіта такі, які прымушае ўмомант збегчы ў схованку. 

Пажылы супрацоўнік пустога метро запытаў:

— Вы пераночыць?

— Мы трошку пасядзець.

— Але так можна і да раніцы пасядзець, — а потым дадае: — Ні канца, ні краю.

— Ці можна прызвычаіцца? — пытаюся.

— Калі чуеш гэты гул “шахедаў”, гэта заўсёды на нервы дзейнічае. Я спачатку думаў, што хярня. Тут жа ракеты былі ў пачатку. Потым праз мой сад і суседскі сад шарахнула ў агарод за 20-30 метраў ад дома. Усё было ў зямлі. Аскепкі разляцеліся. Пасля гэтага падумаў, што гэта сур'ёзна, варонка была метры тры, — расказвае мужчына.

“Гэта наша харкаўскае перамір’е”: як жыхары перажываюць атакі на горад
Праца жыллёвай службы пасля атакі / Ксенія Галубовіч

Камунальшчык кажа, што трапіла ў прыёмны пакой. Ахвяраў няма, але зачапіла яшчэ і хірургічнае аддзяленне на апошнім паверсе.

“Вы позна прыехалі, трэба было ў 2022. Цяпер ужо праца наладжана хутка. Мы прыехалі [прыбіраць] увогуле з іншага раёна”.

Людзей, чые дамы пацярпелі, засяляюць у студэнцкія інтэрнаты (месца хапае ўсім, бо раней у Харкаў прыязджалі замежныя студэнты) і нават гатэлі.

“Гэта наша харкаўскае перамір’е”, — кажа жанчына, якая праходзіла побач, каб паглядзець, што стала з офісам калегі. 

“Гэта наша харкаўскае перамір’е”: як жыхары перажываюць атакі на горад
Пацярпелы дом / Ксенія Галубовіч

Пад пяціпавярховікам стаіць бабуля і чакае, каб службы залапілі ёй акно. За час вайны ў яе выбіла шкло ўжо другі раз. Першы быў у 2022 годзе.

Яе завуць Аляксандра, ёй 82 гады, 50 з якіх яна прапрацавала арфісткай у філармоніі. Паводле яе, большасць супрацоўнікаў раз’ехалася, але сёлета ўпершыню атрымалася сыграць тры канцэрты. Праўда, не ў будынку філармоніі, а ў падвале.

У гэты момант мы чуем далёкія выбухі і вырашаем усе разам спусціцца ў сховішча.

На пачатку вайны Аляксандра пражыла ў ім месяц, а потым месяц здымала кватэру. “Цяжка было, але вокны паставілі”, — дадае жанчына.

Пасля таго прылёту ёй давялося ў шпіталі накладаць швы на галаву.

“Зажыло, праўда, валасоў менш на галаве, — кажа жанчына. — Пашчасціла, што засталася з вачыма, бо калі ляцела, я стаяла спінай да акна”.

“Вось і перамір’е. Ідзе [Пуцін] на знішчэнне насельніцтва. Я нават не ведаю, што яму трэба, акрамя як проста перамагчы. Ці ён Чынгізхан? Іх здаровымі назваць нельга”, — гаворыць Аляксандра.

У падвале пад’езда збіраюцца ўсе суседзі. З 16 кватэр жылымі засталіся толькі чатыры: мама з дачкой і катамі, маладая пара з двума сабакамі, сама Аляксандра і яе суседка, заслужаная артыстка, акторка тэатра “Квіткі”.

У адной сабакі пафарбаваны ў ружовы хвост.

— Што мы з такой прыгажосцю робім у гэтым падвале? — кажа акторка. Сабак толькі пазаўчора забралі з гадавальніка. Аляксандра заўважае, што вочкі таксама “пужаныя”.

“Гэта наша харкаўскае перамір’е”: як жыхары перажываюць атакі на горад
Жыхары дома ў схованцы / Ксенія Галубовіч

— Паўгода мы тут пражылі, як толькі пачалося. У нас тут такі кардэбалет тварыўся, — расказвае нам суседка.

— На доме чатыры мемарыяльныя дошкі. Гэта быў ведамасны дом упраўлення культуры. Гонар не толькі Харкава, але і Украіны, — прыгадвае Аляксандра.

Быкаў тут жыў. Ведаеце актора? “У бой ідуць адны старыя”.

Аляксандра згадвае, што ён быў яе суседам. І кажа, што дзве цытаты з фільма звязаныя з гісторыяй яе сям’і.

У падвале немагчыма спраўдзіць, што адбываецца наверсе, бо не ловіць сувязь. Час ад часу нехта выходзіць праверыць, ці скончылася трывога.

— Я толькі сервіравала сабе вячэру, і як грымнула, — кажа бабуля.

— А я зрабіла курачку, запякла бульбачку з балгарскім перцам. Запах вар’яцкі па хаце. Дачка пайшла мыцца. Вось толькі духоўка зрабіла “дзынь”, а за ім “тра-та-та-та” і потым “бабах”. Я падумала: “Якая смачная бульбачка”. Шкло ў вокнах цэлае, але нешта там зрушылася і не шчыльна зачыняецца, — расказвае суседка. 

“Гэта наша харкаўскае перамір’е”: як жыхары перажываюць атакі на горад
Жыхары дома ў схованцы / Ксенія Галубовіч

Праз гадзіну суседзі пачалі паволі вяртацца да сябе. Службы напісалі, што пагрозы гораду больш няма.

Перад адыходам суседзяў Аляксандра расказвае, што нельга акрэсліваць Харкаў як рускамоўны, маўляў, канфлікт зроблены штучна.

“Няўжо настаюць тыя часы, калі жывыя будуць зайздросціць мёртвым? Я не магу пайсці на могілкі да бацькоў. Кажуць, што там можна наступіць [на міну — Еўрарадыё]. Добра, адразу грохнешся, а калі калекай застанешся? Таму людзі не ходзяць на могілкі”.

“Украінцаў можна забіць, але не зламаць. Паўсюль паганцаў хапае, але… Гэта наша нацыянальная якасць: мы не любім, калі нехта на нас цісне. Мы плячыма робім вось так [страсае імі], хочацца скінуць”, — кажа Аляксандра.

“Гэта наша харкаўскае перамір’е”: як жыхары перажываюць атакі на горад
Харкаўскі будынак пасля атакі / Ксенія Галубовіч

***

Працы каля шпіталя і дома Аляксандры трывалі і наступным ранкам. Замест акна бабулі ўжо стаяў ОСБ.

З афіцыйных паведамленняў мы даведаліся, што той ноччу 2 чалавекі загінулі (67-гадовы мужчына і 70-гадовая жанчына), 30 атрымалі раненні, сярод іх — 15-гадовая дзяўчынка.

Таксама пішуць, што выбіла вокны ў 346 кватэрах і 252 вокны ў месцах агульнага карыстання.

У наступныя дні атакі былі яшчэ мацнейшымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.