Мяжа Літвы і Беларусі будзе зачыненая мінімум да серады — прэм'ер Літвы

Інга Ругінене

Інга Ругінене / 15min.lt

Літва пакіне мяжу з Беларуссю закрытай як мінімум да серады. Пра гэта 27 кастрычніка паведаміла прэм'ер-міністр краіны Інга Ругінене.

Яна заявіла, што ў сераду ўрад прыме рашэнне, ці закрываць мяжу на нявызначаны тэрмін. Але будуць і пэўныя выключэнні.

"Мы ўжо гатовыя прыняць рашэнне аб бестэрміновым закрыцці мяжы з Беларуссю за пэўнымі выключэннямі, гэта значыць, што дыпламаты і дыпламатычная пошта змогуць перамяшчацца, а таксама нашы грамадзяне і грамадзяне ЕС змогуць уязджаць да нас з Беларусі", — перадае яе словы партал 15min.lt.

Ругінене падкрэсліла, што гэта сігнал для афіцыйнага Мінска, што Літва не будзе трываць ніякую гібрыдную атаку. Таксама яна дадала, што Міністэрству замежных спраў даручана прапрацаваць гэтае пытанне ў наступным пакеце санкцый ЕС сумесна з Латвіяй і Польшчай.

На працягу мінулага тыдня праз атакі метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі, якія ляцелі з боку Беларусі, чатыры разы спынялася праца Віленскага аэрапорта. Літоўскі бок перакрываў мяжу з Беларуссю. Апошні раз такое часовае закрыццё адбылося позна ўвечары 26 кастрычніка. Пасля гэтага памежныя пераходы ў Мядзінінкаі і Шальчынінкаі так і не былі адчыненыя, аднак кантроль цягнікоў на памежным пераходзе Кена не быў прыпынены. 

У мінулым месяцы на два тыдні мяжу з Беларуссю перакрывала Польшча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.