За падпал абсталявання для УСУ будуць судзіць беларуса і яшчэ 5 замежнікаў

Падпал у Літве

Падпал у Літве / prokuraturos.lt

У Літве шасцёра замежнікаў трапілі пад суд за спробу падпаліць абсталяванне, прызначананае для Узброеных Сіл Украіны.

У ліку абвінавачаных ёсць беларус, а таксама грамадзяне Расіі, Іспаніі, Калумбіі ды Кубы. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў арганізаванай тэрарыстычнай групе, фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці і няўдалых спробах тэракту. Крымінальную справу будзе разглядаць у Шаўляйскі абласны суд, паведамляе Генпракуратура Літвы.

Гаворка ідзе пра падзеі верасня 2024 года. Тады абвінавачаныя, як сцвярджаюць у пракуратуры, спрабавалі здзейсніць падпал на тэрыторыі кампаніі TVC Solutions у Шаўляі. Іх мэтай былі мабільныя станцыі аналізу радыёчастотнага спектру, прызначаныя для УСУ, коштам каля 1,5 млн еўра. Агулам на пляцоўцы размяшчалася прадукцыя на 4 млн еўра.

Спачатку падпаліць абсталяванне 17 верасня спрабавалі двое грамадзян Іспаніі, адзін з якіх мае таксама грамадзянства Калумбіі. Ім перашкодзілі выпадковыя мінакі, якія спудзілі зламыснікаў. Мужчыны ўцяклі ў Рыгу, і ў то жа дзень іх затрымалі ў латвійскія спецслужбы.

22 верасня спробу падпалу здзейснілі расіянін і беларус, якія прыбылі ў Шаўляй з Іспаніі. Яны падпалілі і ўцяклі. Але пажар не разгарэўся, і прадукцыя не згарэла.

На наступны дзень да TVC Solutions прыехала грамадзянка Кубы, каб зняць наступствы падпалу. Яе затрымалі пры спробе пакінуць Літву.

Таксама расследаванне выявіла асобу грамадзяніна Калумбіі, які пражывае ў Іспаніі — ён выконваў ролю пасярэдніка і фінансіста групы. Яго затрымалі ў Іспаніі і летась у траўні выдалі Літве.

Працягваецца следства ў дачыненні да яшчэ чатырох падазраваных. Аднаго з іх затрымалі ў Калумбіі, ідзе працэс яго экстрадыцыі.

Аб'яднаная следчая група, створаная для расследавання падпалаў у Літве, Румыніі, Польшчы і Чэхіі, прыйшла да высновы, што ўсе спробы каардынаваліся грамадзянамі Кубы і Калумбіі, якія пражываюць у Расіі і звязаныя з Галоўным разведвальным упраўленнем РФ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.