Беларуска напісала ў "камісію па вяртанні" — і зрабіла новы пашпарт
Пашпарты Кацярыны Кірычэнка / фота з яе акаўнту ў Threads
Беларуска напісала ў "камісію па вяртанні", вярнулася, зрабіла новы пашпарт — і з'ехала ізноў. "На гэты раз у мяне ёсць 10 гадоў, каб атрымаць грамадзянства іншай краіны", — тлумачыць Кацярына Кірычэнка ў сваім допісе ў Threads.
Але камісія, імаверна, усё адно паставіць плюсік у сваю статыстыку.
Кірычэнка, якой цяпер 25 гадоў, расказвае, што пяць гадоў таму яе двойчы судзілі па адміністрацыйных артыкулах. Пасля гэтага яна пераехала ў Польшчу. А летась пачала думаць, як не застацца без дакументаў, бо яе беларускі пашпарт быў дзейны па 13 студзеня 2026 года.
Рашэнне было знойдзенае нестандартнае. "Улетку мяне жмыхнула, і я напісала ў камісію па вяртанні ў РБ. А ўвосень жмыхнула х2 — і цяпер у мяне ёсць новы пашпарт, і я магу з'ехаць куды захачу!" — радуецца дзяўчына.
Шмат хто зычыць ёй удачы ў "новым жыцці". Але ёсць і скептычныя каментатары: "Раней запісвалі відэа на фоне дзвярэй, цяпер пішуць посты ў трэдс".