Ціханоўская прапануе Наўроцкаму стварыць Беларускі інстытут нацыянальнай памяці

Святлана Ціханоўская і Караль Наўроцкі на калядным прыёме

Святлана Ціханоўская і Караль Наўроцкі на калядным прыёме / lookby.media

14 студзеня Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім. Гэта першая двухбаковая сустрэча ў Варшаве пасля абрання Наўроцкага прэзідэнтам, адзначае прэс-служба лідаркі беларускіх дэмсілаў. Раней яны сустракаліся на палях Генеральнай Асамблеі ААН.

Падчас сустрэчы Ціханоўская і Наўроцкі абмеркавалі працэс вызвалення палітвязняў, сітуацыю з Анджэем Пачобутам, адносіны з адміністрацыяй ЗША, а таксама сітуацыю з бяспекай у рэгіёне. Ціханоўская выказала спадзяванне, што Польшча працягне дапамагаць вызваленым палітвязням, у тым ліку ў легалізацыі і афармленні дакументаў. Ціханоўская падзякавала, што Польшча працягвае прымаць беларусаў, якія цярпяць пераслед на радзіме.

Акрамя таго лідарка беларускіх дэмсілаў прапанавала польскаму прэзідэнту некалькі супольных ініцыятываў у падтрымку беларускай супольнасці ў Польшчы, у сферы гістарычнай спадчыны, культуры, літаратуры. Яна запрасіла Наўроцкага ўзяць удзел у беларускіх фестывалях і аматарскіх спартовых спаборніцтвах, якія ладзяцца беларусамі, а таксама далучаць Беларусь да мерапрыемстваў у рэгіянальных фарматах, як "Люблінскі трыкутнік".

Ціханоўская перадала прэзідэнту Польшчы праект канцэпцыі Беларускага інстытута нацыянальнай памяці, распрацаваны дэмакратычнымі сіламі. Плануецца, што гэтая інстытуцыя дапаможа людзям даведвацца праўду аб рэпрэсіях савецкага часу і апошніх гадоў праз доступ да архіваў і сведчанняў, а таксама дапаможа дзяржаве ачысціць сваю бюракратычную сістэму ад заганных практык мінулага. Як вядома, Наўроцкі раней узначальваў адпаведную польскую ўстанову — Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы.

Дэмакратычныя сілы, паводле Ціханоўскай, цяпер працуюць над Візіяй новай Беларусі, распрацоўваюць пакеты рэформаў і карыстаюцца ў тым ліку досведам польскай трансфармацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.