Бацькам палітвязня, вывезенага за мяжу, сказалі, што ён уцёк з калоніі

Палітвязні, дэпартаваныя з Беларусі

Палітвязні, дэпартаваныя з Беларусі / lookby.media

Спецслужбы Лукашэнкі ціснуць на сваякоў палітвязняў, вызваленых і прымусова вывезеных з Беларусі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 13 студзеня ў Варшаве расказала прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская.

Паводле яе, сілавікі нядаўна прыходзілі да бацькоў аднаго з экс-палітвязняў. Яны прапанавалі яму вярнуцца ў Беларусь і адседзець 15 гадоў.

"Яго спачатку выкідаюць за межы краіны, не пытаючыся, ці хацеў ён з’язджаць, а потым прапануюць [гэта]. <…> Калі маці сказала пра тое, што "вы ж яго самі вывезлі", то ёй адказалі, што ён уцёк з калоніі", — цытуе выданне "Позірк" прадстаўніцу АПК.

Таксама Зазулінская паведаміла, што ціск на сваякоў палітвязняў адбываецца і праз іншыя дзяржаўныя службы. Да іх прыходзяць супрацоўнікі розных інстанцый, каб выявіць месца знаходжання экс-палітвязня. "І выкарыстоўваюць розныя формы ціску <…>. Гэта можа быць не толькі жонка і дзіця, гэта могуць быць і сталыя бацькі",  — дадала яна.

Прадстаўніца АПК звярнула ўвагу, што палітвязні, высланыя за мяжу, маюць невыразны прававы статус. Вельмі часта іх высылаюць без пашпартоў. А ў даведках аб вызваленні з месцаў пазбаўлення волі не ўказваецца падстава выхаду.

Працяг прымусовага вывазу за мяжу яна ахарактарызавала як магчымую “"гуманітарную катастрофу”. Зазулінская выказала сумнеў, што беларусы замежжа здолеюць забяспечыць усіх сацыяльнай падтрымкай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.