Найбуйнейшы пастаўшчык ноўтбукаў спыніў гарантыйнае абслугоўванне ў Беларусі
Ноўтбук Asus / pexels.com
Кампанія Asus, якая вырабляе ноўтбукі, з 1 студзеня 2026 года цалкам спыніла гарантыйнае абслугоўванне прылад з міжнароднай гарантыяй на тэрыторыі Расіі і Беларусі.
Пра гэта, як адзначае выданне Moscow Times, гаворыцца ва ўнутраным паведамленні расійскага падраздзялення кампаніі. Гэтае паведамленне было адрасаванае сэрвісным партнёрам. З дакумента вынікае, што аўтарызаваным сэрвісным цэнтрам цяпер забаронена прымаць па гарантыі прылады са статусам міжнароднай гарантыі, афіцыйна пастаўленыя ў іншыя краіны.
Цяпер уладальнікам тэхнікі Asus давядзецца звяртацца па гарантыйны рамонт у сэрвісныя цэнтры ў іншыя краіны СНД, дзе праграма міжнароднага абслугоўвання Asus працягвае дзейнічаць.
Пакупнікі ў Беларусі і Расіі, якія набывалі тэхніку за мяжой ці праз так званы "паралельны імпарт" (увезеную ў абыход санкцый), будуць пазбаўленыя магчымасці адрамантаваць тэхніку па гарантыі. Пры паломцы ім трэба будзе ці самастойна аплачваць рамонт, ці арганізоўваць адпраўку ноўтбука ў іншую краіну.