У Мінабароны растлумачылі, чаму позвы на зборы прыходзяць напярэдадні яўкі
Вайсковыя зборы, ілюстрацыйнае фота / pristalica.by
У Міністэрстве абароны вырашылі адказаць беларусам, незадаволеным, што позва на вайсковыя зборы прыходзіць у дзень напярэдадні яўкі.
У тг-канале ведамства з'явіўся адказ афіцыйнай прадстаўніцы Мінабароны падпалкоўніка Наталлі Гаўрусік.
Найперш яна спаслалася на раптоўнасць праверкі боегатоўнасці. Маўляў, галоўная мэта праверкі — "ацаніць рэальны стан войскаў і гатоўнасць грамадзян да абароны Радзімы. Таму планы не выдаюцца загадзя, а час на апавяшчэнне мінімальны і можа складаць менш за суткі".
Таксама Гаўрусік паведаміла, што войска ацэньвае "здольнасць грамадзян аператыўна з'явіцца, а часцей — хутка ўкамплектавацца". А праверыць гэта немагчыма, калі папярэдзіць загадзя.
"Такім чынам, позва напярэдадні яўкі — гэта не арганізацыйная памылка, а запланаваны элемент праверкі баявой гатоўнасці", — падсумоўвае прадстаўніца Мінабароны.
Як паведамляла Еўрарадыё, на масавыя выклікі на вайсковыя зборы беларусы сталі скардзіцца ў сацсетках апошнімі днямі. Прычым забіраюць на зборы і бацькоў са шматдзетных сем'яў, і тых, у каго цяжарныя жонкі. Часта позвы прыходзяць з выклікам у ваенкамат на наступны дзень пасля атрымання дакумента.
Лукашэнка 16 студзеня абвясціў раптоўную праверку боегатоўнасці ў войску.