Зяленскі сказаў, што "мірны план" гатовы на 90%
Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Украіны / president.gov.ua
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што 20‑пунктны план па завяршэнні вайны ва Украіне гатовы на 90%. Аднак афіцыйнай рэакцыі на гэты план з боку Расіі Украіна не атрымала, паведамляе Hromadske.
"Шчыра кажучы, той 20‑пунктны план, над якім мы працавалі, гатовы на 90%. Наша задача — зрабіць так, каб усё было гатова на 100%. Гэта няпроста, і ніхто не кажа, што адразу будзе 100%", — сказаў прэзідэнт Украіны.
Ён адзначыў, што ўкраінскі бок камунікуе выключна з амерыканцамі, а тыя, у сваю чаргу, — з расіянамі.
Прэзідэнт Украіны таксама пракаментаваў заявы Крамля пра тое, што Расію "не задавальняе" пункт аб колькасці ўкраінскай арміі ў 800 тысяч.
"Нас задавальняе тая армія, якая сёння там зафіксавана. Для нас гэта гарантыі бяспекі. І амерыканскі бок нас чуе", — падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.
Як мяняўся "мірны план"
У канцы лістапада ў ЗША падрыхтавалі "мірны план", які першапачаткова ўключаў 28 пунктаў. Ад Украіны патрабавалі саступіць незаваяваную частку Данбаса, у два разы скараціць колькасць Узброеных сіл, замарозіць лінію баявога сутыкнення ў Запарожскай і Херсонскай абласцях, прызнаць рускую мову дзяржаўнай.
Гэты план атрымаў шырокую крытыку як ва Украіне, так і за мяжой, яго называлі пералікам расійскіх жаданняў і фактычна прымусам да капітуляцыі.
А 2 снежня Уладзімір Зяленскі заявіў, што абноўленая версія праекта мірнага плану ўключае 20 пунктаў. Днямі ён раскрыў усе пункты абноўленага плана.